Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕСЯЛО́ЎСКІ Мікалай Іванавіч

(ліст. 1848, Масква — 12.4.1918),

рускі археолаг. Праф. (1890). Вывучаў гісторыю і археалогію Сярэдняй Азіі, дзе рабіў раскопкі стараж. гарадоў, у т. л. Афрасіяба. Раскапаў сотні курганоў на Пд і ПдУ Расіі, сярод якіх найбагацейшыя курганы Салоха і Майкопскі. Падрыхтаваў выданне альбома стараж. мячэцей і помнікаў Самарканда. Працаваў у галіне гісторыі рус. навукі.

Тв.:

Памятники дипломатических и торговых сношений Московской Руси с Персией. Т. 1—3. СПб., 1890—98;

Мечети Самарканда. Вып. 1. СПб., 1905.

Літ.:

Записки Восточного отделения Русского археологического обшества. Пг., 1921. Т. 25. С. 337—398.

т. 4, с. 121

ВЕСЯЛО́ЎСКІ Сцяпан Барысавіч

(16.9.1876, Масква — 23.1.1952),

рускі і сав. гісторык. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл. Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш. навук. т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АН СССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш. крыніц.

Літ.:

Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.Б.Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.

т. 4, с. 121

ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 121