Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць па стварэнні новых арг-цый, акц. кампаній, т-ваў і інш. Гл. таксама Грундэрства.

т. 6, с. 572

ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

І.Н.Колабава.

т. 6, с. 572

ЗА́СПА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рэчыца—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 46 км ад Гомеля. 1440 ж., 550 двароў (1997). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мураваная царква (1995). Курган Славы.

т. 6, с. 572

ЗАСПІ́ЦКІ (Андрэй Міхайлавіч) (н. 16.2.1924, г. Мазовец, Польшча),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1940—41). Стварыў партрэты Цёткі (А.Пашкевіч; 1957), Ф.Шапэна (1960); бюст А.Міцкевіча (1995); станковыя творы «У полі» (1958), «Гімнасткі» (1971), кампазіцыі «Партызанпадрыўнік» (1957), «Дружба» (1964), «Рэквіем» (1996); і інш. Яго манум. творам характэрны дакладныя суадносіны маштабаў і масы, узбагачаныя кантрастамі святлаценяў, выразным лінейным рытмам: помнікі Ф.Скарыну ў Полацку (1973; па эскізу А.К.Глебава), Я.Купалу ў Мінску (1972; з А.Анікейчыкам і Л.Гумілеўскім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у гонар вызвалення Віцебска (1989; з М.Рыжанковым) ў Віцебску, манумент у гонар маці-патрыёткі (Дзярж. прэмія СССР 1977), мемар. знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш.

В.Я.Буйвал.

А.Заспіцкі. Цётка (А.Пашкевіч). 1957.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ВА,

1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).

2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.

3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ЎКА ў кніжнай графіцы,

невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.

Застаўка з рукапісу 11 ст.
Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.
Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.

т. 7, с. 5

ЗАСТРУ́ГІ,

1) выцягнутыя ў напрамку ветру вузкія і цвёрдыя снегавыя грады даўжынёй да некалькіх метраў і вышынёй 20—30 см (часам да 1,5 м). Фарміруюцца шляхам развявання гурбаў снегу. Скорасць руху каля 5 см/с. Маюць стромкія наветраныя і пакатыя падветраныя схілы. Часцей пашыраны ў палярных абласцях.

2) Скопішчы наносаў у рэчышчы ракі ў форме прыбярэжных град, якія пры разрастанні могуць ператварыцца ў пясчаныя косы.

т. 7, с. 5

ЗАСУ́ЛІЧ (Вера Іванаўна) (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),

дзеяч рас. рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.Ф.Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.

т. 7, с. 5

ЗАСУ́ЛЛЕ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 16 км на ПнУ ад Стоўбцаў, 96 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Коласава. 422 ж., 186 двароў (1997).

Вядома з 1-й пал. 16 ст. як уладанне тат. князёў Уланаў, у 17—18 ст. — Жыжэмскіх, у 1-й пал. 19 ст. — Крупскіх. У 1592 тут 38 двароў, млын, мячэць, жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. У 17—18 ст. праз вёску праходзіў гандл. шлях Мінск—Мір, былі карчма, пастаялы двор, царква. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці. У канцы 18 ст. ў цэнтр. частцы З., дзе існавалі двары каваля, ганчара, краўца, фарміруецца мястэчка, працавалі сукнавальня, млын. У 1897—548 ж., 95 двароў. З 1921 у Польшчы, у Стаўбцоўскай гміне Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням. -фаш. войскамі, якія ў 1941 спалілі частку вёскі. У 1971—984 ж., 281 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 7, с. 5

ЗА́СУХА,

перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.

т. 7, с. 5