ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.
Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).
Б.І.Жывіца.
т. 12, с. 341
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1770—90-х гадоў, пагадненні паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб падзелах Рэчы Паспалітай (гл. Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
т. 12, с. 342
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.
1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.
2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.
3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.
т. 12, с. 342
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ГУРТО́К МО́ЛАДЗІ ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЙ І МАЛАРУ́СКАЙ (Kolo młodzieży polskiej),
маладзёжная арг-цыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў С.-Пецярбургу ў 1889—93. Аб’ядноўвала пераважна студэнтаў тэхнал. ін-та; усяго каля 25 чал., з якіх выбіраліся старшыня і касір. Старшынямі ў розны час былі К.Дабкевіч, І.Вілейшыс, М.Дамашэвіч, з крас. 1893 бел. паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. У сваёй працы гурток эвалюцыяніраваў ад легальнай асветніцкай дзейнасці сярод рабочых да паліт. дзейнасці (прапаганда ў рабочых гуртках рэв. ідэй, кантакты з с.-д. арг-цыямі, спробы наладзіць сувязь з групай «Вызваленне працы», захады па набыцці рэв. л-ры і інш.). Спыніў існаванне пасля арышту, пачынаючы з чэрв. 1893, актыву. 3 чал. адміністрацыйна прыгавораны (без суда) да турэмнага зняволення; Гурыновіч у час папярэдняга зняволення цяжка захварэў і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі ў фальварак бацькоў (Віленская губ.), дзе неўзабаве памёр.
т. 12, с. 341
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ДАГАВО́Р 1881,
расійска-кітайскі дагавор аб зах. участку рас.-кіт. граніцы. Падпісаны 12 лют. ў Пецярбургу. Паводле П.д. да Рас. імперыі адыходзіла зах. ч. Ілійскага краю, акупіраванага рас. войскамі ў 1871, усх. ч. з г. Кульджа вярталася Кітаю, жыхары краю мелі права выбраць рас. або кіт. падданства з далейшым перасяленнем на кіт. або рас. тэрыторыю. Кітай абавязваўся выплаціць Расіі 9 млн. руб як кампенсацыю за ваен. выдаткі па акупацыі краю. Расія атрымала права адкрыць дадатковыя консульствы на тэр. Кітая, а рас. гандляры — права набываць у Кітаі нерухомасць.
т. 12, с. 341
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1762,
мірны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй (5.5.1762, С.-Пецярбург), які спыніў стан вайны паміж гэтымі дзяржавамі (гл. Сямігадовая вайна 1756—63). Заключаны па ініцыятыве рас. імператара Пятра III. Расія вяртала Прусіі ўсе занятыя рас. войскамі прускія землі, абавязвалася спрыяць заключэнню міру паміж Прусіяй і Швецыяй. Незадаволенасць патрыятычна настроеных колаў рас. арміі і грамадства П.м.д. і саюзным трактатам з Прусіяй (19.6.1762) паспрыяла звяржэнню Пятра III (9.7.1762), аднак новая імператрыца Кацярына II пакінула П.м.д. у сіле.
т. 12, с. 341
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,
нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв. с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.А.Ванееў, Г.М.Кржыжаноўскі, В.В.Старкаў, П.К.Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.А.Левашкевіч, В.А.Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.І.Паляк, Н.І.Занцэвіч і С.М.Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.
Літ.:
В.И.Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.
У.Г.Філякоў.
т. 12, с. 341
ПЕЧ (лац. Fornax),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.
т. 12, с. 342
ПЕЧ (Pécs),
горад на ПдЗ Венгрыі. Адм. ц. медзьё Баранья. Узнік каля 2 тыс. г. назад. Каля 200 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць; маш.-буд., дрэваапр., хім., гарбарна-абутковая, шкляная, керамічная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, піваварная, вытв-сць шампанскіх він. Цэнтр раёна здабычы кам. вугалю, уранавых руд. Ун-т (з 1367). Музеі. Раннехрысц. катакомбы (4 ст.). Арх. помнікі 11 і 16 ст.
т. 12, с. 342
ПЕЧ (Пећ, Peć),
горад у Югаславіі, на тэр. б. аўт. краю Косава ў Рэспубліцы Сербія. Каля 100 тыс. ж. (1995). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., керамічная. Рамёствы (дываны, ювелірныя вырабы). Арх. помнікі 13—17 ст., у т. л. комплекс Патрыярхіі з цэрквамі Святых апосталаў, св. Дзмітрыя, Маці Божай Адзігітрыі з капліцай св. Міколы (усе 13 ст.). Горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў у Косаве ў канцы 1990-х г.
т. 12, с. 342