ГЕТЭРАГЕ́ННЫ РЭА́КТАР,
від ядзернага рэактара, у якім ядзернае паліва аддзелена ад інш. элементаў і матэрыялаў актыўнай зоны. Блокі з ядз. палівам у выглядзе стрыжняў (цеплавыдзяляльныя элементы) размешчаны ў паліўных каналах, што ахалоджваюцца цепланосьбітам, і ўтвараюць правільную прасторавую рашотку (найб. пашыраныя гетэрагенныя рэактары). У параўнанні з гамагеннымі рэактарамі ў гетэрагенным рэактары на прыродным або слабаабагачаным уране значна лепш выкарыстоўваюцца нейтроны (у працэсе дзялення) і меншыя іх страты ў працэсе запавольвання. Найб. пашыраныя ў сучаснай ядз. тэхніцы.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАГО́НІЯ
(ад гетэра... + ...гонія),
1) адна з формаў чаргавання пакаленняў у некаторых беспазваночных жывёл (напр., у насякомых), пры якой двухполае пакаленне змяняецца на партэнагенетычнае.
2) Тое, што аламетрыя.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАДЗІ́Н
(ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),
маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ
(ад гетэра... + зігота),
спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАКА́РПІЯ
(ад гетэра... + грэч. karpos плод),
разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ
(ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),
працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАМАРФО́З,
рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАНО́МІЯ
(ад гетэра... + грэч. nomos закон),
розная будова сегментаў у пэўных частках цела членістых жывёл. Напр., пярэднія метамеры цела ў насякомых, што зліліся ў адзіны комплекс галавагрудзі, нясуць асн. органы пачуццяў і сківічны апарат, а таксама галаўны мозг; наступныя метамеры ўтвараюць комплексы — грудзі (з хадзільнымі канечнасцямі і крыламі) і брушка (з савакупляльным апаратам, яйцакладам, джалам і інш.).
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,
кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл. Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.
Для атрымання гетэраперахода выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу AIIIBV, дзе AIII — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), BV — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапехода — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.
Літ.:
Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ. М., 1975;
Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ. М., 1979.
Л.М.Шахлевіч.
т. 5, с. 209