ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ

(ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)