Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕТУХО́ЎКА,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Чавусы—Чэрыкаў. Цэнтр Прудкоўскага с/с і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Чавусы, 53 км ад Магілёва. 302 ж., 108 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 339

ПЕТУШКО́ВА (Яўгенія Васілеўна) (н. 21.5.1934, с. Старая Барда Алтайскага краю, Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1987), праф. (1989). Скончыла Маскоўскі ун-т (1957). З 1962 у БДУ. З 1994 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Навук. працы па тэорыі адлюстравання, філасофіі і метадалогіі навукі, філас. і культуралагічных аспектах адукацыі і выхавання.

Тв.:

Отражение в живой природе: Динамика теоретич. моделей. Мн., 1983;

Научные революции в динамике культуры. Мн., 1987 (у сааўт.);

Культура мира как предмет воспитания // Прабл. выхавання. 1998. № 4.

т. 12, с. 339

ПЕТУШКО́Ў (Адам Захаравіч) (22.4.1918, в. Фядотава Буда Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.7.1976),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рагачоўскае пед. вучылішча, Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1947). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Камандзір узвода танкаў-тральшчыкаў ст. лейтэнант П. вызначыўся 3—6.11.1943 пры вызваленні Кіева; забяспечыў праходы для танкаў у мінных палях, знішчыў артыл. батарэю, абоз, 4 аўтамашыны праціўніка. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.З.Петушкоў.

т. 12, с. 339

ПЕТУШКО́Ў (Аляксей Свірыдавіч) (18.10.1913, г. Лісічанск Луганскай вобл., Украіна — 27.7.1991),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Сталінградскую ваен. авіяшколу (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра авіяпалка далёкага дзеяння падпалк. П. да крас. 1944 зрабіў 250 баявых вылетаў на бамбардзіроўку варожых аб’ектаў у Варонежы, Курску, Арле, Харкаве, Кіеве, Мінску, Таліне, Нарве, Пскове, Оршы. Удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Бухарэста, Данцыга, Будапешта, Берліна. Да 1959 у Сав. Арміі, да 1977 на адм. рабоце.

А.С.Петушкоў.

т. 12, с. 339

«ПЕТУШО́К». «Пеўнік», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконваецца некалькімі парамі, якія кружацца, узяўшыся за рукі. Зафіксаваны ў 19 ст. на Віцебшчыне. Сцэн. варыянт «П.» стварыў у 1930-я г. балетмайстар К.​Алексютовіч. Падобны танец вядомы ў Латвіі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 339

ПЕ́ТЫНГ (англ. petting),

дасягненне партнёрамі палавога задавальнення шляхам узаемных ласкаў, але без палавых зносін. Акрамя захавання нявіннасці, П. карыстаюцца, каб засцерагчыся ад цяжарнасці, з мэтай прафілактыкі венерычных захворванняў і інш.

т. 12, с. 339

ПЕТЫНЕ́ЦІ, Петынелі (Petinetti, Petinelli) Гаэтана, танцоўшчык, педагог і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Неапалі. У 1774—79 разам з братам Ладавіка П. ў прыдворным т-ры і тэатр. школе А.​Тызенгаўза ў Гродне. Быў пастаноўшчыкам балетаў «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў», «Сялянскі балет» (у апошнім выступалі яго вучні). З 1779 па запрашэнні К.​С.​Радзівіла працаваў танцорам і балетмайстрам Нясвіжскага т-ра (разам з А.​Лойкам і Ф.​Каселі ў 1784 удзельнічаў у падрыхтоўцы балетаў «Арфей у пекле» і, магчыма, «Пігмаліён»). Пакінуў Нясвіж у 1786.

т. 12, с. 339

ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Конрад («Карсар» А.​Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб. тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.​Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.​Чайкоўскага (з Л.​Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.​Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац. акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.

Літ.:

Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.

Т.​М.​Мушынская.

М.І.Петыпа.

т. 12, с. 339

ПЕТЫ́Т (ад франц. petit маленькі),

дробны друкарскі шрыфт, кегль якога роўны 8 пунктам (каля 3 мм); тэкст, надрукаваны такім шрыфтам.

т. 12, с. 339

ПЕТЫ́ЦЫЯ (ад лац. petitio),

калектыўнае пісьмовае прашэнне, накіраванае вышэйшым органам улады.

т. 12, с. 339