Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САМА́РЫЙ (лац. Samarium),

Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага ​147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙10​11 гадоў). У зямной кары 710​−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).

Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.

т. 14, с. 135

САМА́РЫН (Іван Васілевіч) (19.1.1817, С.-Пецярбург — 25.8.1885),

рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.​Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.

Літ.:

Рогачевский М. И.​В.​Самарин. М.; Л., 1948.

т. 14, с. 135

САМА́РЫН (Юрый Фёдаравіч) (3.5.1819, С.-Пецярбург — 31.3.1876),

рускі эканаміст, грамадскі дзеяч, філосаф, гісторык і публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1844—52 на дзярж. службе, з 1853 займаўся літ.-публіцыст. дзейнасцю. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні сял. рэформы 1861 (эканамічна абгрунтаваў яе ў кн. «Аб прыгонным стане і пераходзе з яго да грамадзянскай свабоды», 1856). Як філосаф — напачатку прыхільнік Гегеля. У пач. 1840-х г. далучыўся да славянафілаў. Распрацаваў тэорыю аб трох перыядах нац. жыцця: «надзвычайнай нацыянальнасці», «пераймальнасці» і «разумнай народнасці». Лічыў, што толькі ў народзе захоўваецца «дух у яго жывой цэльнасці», матэрыялізм «зусім не вынікае з прыродазнаўчых навук». Яго паліт. дактрына грунтавалася на прызнанні толькі дзвюх узаемазвязаных сіл, — самадзяржаўя і вясковай абшчыны. Навук. працы па сац.-эканам. і нац. адносінах у Прыбалтыцы, скасаванні прыгоннага права ў Прусіі, гісторыі езуіцтва. Аўтар літ.-эстэт. артыкулаў аб творчасці М.​Ю.​Лермантава і М.​В.​Гогаля.

Тв.:

Соч. Т. 1—10, 12. М., 1877—1911.

т. 14, с. 135

САМАРЫ́НДА (Samarinda),

горад у Інданезіі, на У в-ва Калімантан. Адм. ц. прав. Усходні Калімантан. Каля 350 тыс. ж. (2000). Марскі порт у нізоўях р. Махакам. Вузел аўтадарог. Цэнтр раёна здабычы вугалю і нафты. Вываз вугалю, нафты, драўніны, каўчуку. Дрэваапр. прадпрыемствы. Суднаверф. Ун-т.

т. 14, с. 135

САМАРЫЦЯ́НЕ,

этнічная група і рэліг. абшчына (каля 400 чал.). Жывуць у гарадах Наблус (Іарданія) і Халон (Ізраіль). С. — патомкі вавілонскіх каланістаў, пераселеных у 722 да к.э. ў Самарыю, якія змяшаліся з насельніцтвам Ізраільскага царства. З Бібліі прызнаюць толькі Пяцікніжжа ў асобай рэдакцыі. Лічаць свяшчэннай гару Герызім (каля г. Наблус). З канца 6 ст. да н.э. з-за абвастрэння рэліг.-паліт. супярэчнасцей адышлі ад іудзейскай абшчыны ў Іерусаліме. У 129 да н.э. хасманейскі правіцель Гіркан I (гл. Макавеі) разбурыў храм на гары Герызім. У 36 н.э. пры Понцію Пілаце рымляне ўчынілі крывавую расправу над С. Жылі таксама ў Егіпце, Сірыі, Рыме, Грэцыі і Іране.

т. 14, с. 135

САМА́РЫЯ (стараж.-яўр. Шамрон; цяпер паселішча Себастыя каля г. Наблус, Іарданія),

старажытны горад у Палесціне. Засн. каля 880 да н.э. царом Ізраільскага царства Омры, пасля 876 да н.э. сталіца гэтага царства. З 729 да н.э. плаціла даніну Асірыі; у 722—721 да н.э. зруйнавана асірыйцамі, якія выселілі б.ч. насельніцтва і пазней засялілі С. перасяленцамі з розных абласцей асірыйскай дзяржавы. Змяшаўшыся з рэшткамі мясц. насельніцтва, перасяленцы стварылі пазней ядро самарыцян. У 6—4 ст. да н.э. С. — адм. цэнтр перс. правінцыі ў Палесціне. У 332 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, заселена македанянамі і сірыйцамі і развівалася як эліністычны горад. Каля 107 да н.э. зруйнавана хасманейскім правіцелем Гірканам I (гл. Макавеі). У 63 да н.э. ўключана ў рым. правінцыю Сірыя. У 30—20-я г. да н.э. цар Іудзеі Ірад I, атрымаўшы С. ад Аўгуста, адбудаваў яе і назваў Себастай. У 1 ст. н.э. С. — адзін з асяродкаў ранняга хрысціянства. Пасля Іудзейскай вайны 66—73 заселена рым. ветэранамі. У 2—3 ст. перажывала найб. росквіт. У час візант. ўладарання страціла б. значэнне, з 7 ст. звычайнае паселішча.

т. 14, с. 136

САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў біялогіі,

уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы.

Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 136

САМАСВЯДО́МАСЦЬ,

усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.

Літ.:

Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;

Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;

Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 14, с. 136

САМАСТО́ЙНЫ БАЛА́НС, закончаны баланс,

бухгалтарскі баланс, які складае прадпрыемства, арганізацыя, інш. гасп. органы. Асобныя падраздзяленні прадпрыемства складаюць свой — незакончаны баланс (састаўная частка С.б.).

т. 14, с. 136

САМАСТРЭ́Л механічны лук з моцнай дугой і прыстасаваннем для нацягвання цецівы. Былі ручныя і станковыя. У Кіеўскай Русі вядомы з 10 ст., у Зах. Еўропе — з канца 11 ст. (гл. Арбалет).

т. 14, с. 136