САМАСВЯДО́МАСЦЬ,
усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.
Літ.:
Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;
Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990;
Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;
Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.
Т.І.Адула.
т. 14, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)