САМА́РЫЙ (лац. Samarium),
Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага 147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙1011 гадоў). У зямной кары 710−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).
Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.
т. 14, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)