САМА́РЫН (Юрый Фёдаравіч) (3.5.1819, С.-Пецярбург — 31.3.1876),
рускі эканаміст, грамадскі дзеяч, філосаф, гісторык і публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1844—52 на дзярж. службе, з 1853 займаўся літ.-публіцыст. дзейнасцю. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні сял. рэформы 1861 (эканамічна абгрунтаваў яе ў кн. «Аб прыгонным стане і пераходзе з яго да грамадзянскай свабоды», 1856). Як філосаф — напачатку прыхільнік Гегеля. У пач. 1840-х г. далучыўся да славянафілаў. Распрацаваў тэорыю аб трох перыядах нац. жыцця: «надзвычайнай нацыянальнасці», «пераймальнасці» і «разумнай народнасці». Лічыў, што толькі ў народзе захоўваецца «дух у яго жывой цэльнасці», матэрыялізм «зусім не вынікае з прыродазнаўчых навук». Яго паліт. дактрына грунтавалася на прызнанні толькі дзвюх узаемазвязаных сіл, — самадзяржаўя і вясковай абшчыны. Навук. працы па сац.-эканам. і нац. адносінах у Прыбалтыцы, скасаванні прыгоннага права ў Прусіі, гісторыі езуіцтва. Аўтар літ.-эстэт. артыкулаў аб творчасці М.Ю.Лермантава і М.В.Гогаля.
Тв.:
Соч. Т. 1—10, 12. М., 1877—1911.
т. 14, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)