САМА́РЫЯ (стараж.-яўр. Шамрон; цяпер паселішча Себастыя каля г. Наблус, Іарданія),
старажытны горад у Палесціне. Засн. каля 880 да н.э. царом Ізраільскага царства Омры, пасля 876 да н.э. сталіца гэтага царства. З 729 да н.э. плаціла даніну Асірыі; у 722—721 да н.э. зруйнавана асірыйцамі, якія выселілі б.ч. насельніцтва і пазней засялілі С. перасяленцамі з розных абласцей асірыйскай дзяржавы. Змяшаўшыся з рэшткамі мясц. насельніцтва, перасяленцы стварылі пазней ядро самарыцян. У 6—4 ст. да н.э. С. — адм. цэнтр перс. правінцыі ў Палесціне. У 332 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, заселена македанянамі і сірыйцамі і развівалася як эліністычны горад. Каля 107 да н.э. зруйнавана хасманейскім правіцелем Гірканам I (гл. Макавеі). У 63 да н.э. ўключана ў рым. правінцыю Сірыя. У 30—20-я г. да н.э. цар Іудзеі Ірад I, атрымаўшы С. ад Аўгуста, адбудаваў яе і назваў Себастай. У 1 ст. н.э. С. — адзін з асяродкаў ранняга хрысціянства. Пасля Іудзейскай вайны 66—73 заселена рым. ветэранамі. У 2—3 ст. перажывала найб. росквіт. У час візант. ўладарання страціла б. значэнне, з 7 ст. звычайнае паселішча.
т. 14, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)