САМА́РЫН (Іван Васілевіч) (19.1.1817, С.-Пецярбург — 25.8.1885),

рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.​Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.

Літ.:

Рогачевский М. И.​В.​Самарин. М.; Л., 1948.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)