САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў біялогіі,

уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы.

Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)