Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІГНЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе канала Вінец, каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г. Бяроза, 100 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 417 ж., 204 двары (2001). Лясніцтва, швейны цэх унітарнага гандл. прадпрыемства «Бярозаўскае». Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Дзевы Марыі (1795).

т. 14, с. 367

СІГУРА́НЦА (Sigurantă),

назва тайнай паліт. паліцыі ў Румыніі ў 1921—44. Засн. з мэтай разгрому рэв. арг-цый і барацьбы з дэмакр. рухам. Падпарадкоўвалася ген. дырэктару мін-ва ўнутр. спраў. Паводле некат. звестак С. арыштавала (з 1924) больш за 75 тыс. чал. Ліквідавана пасля народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944.

т. 14, с. 367

СІ́ГУРДСАН ((Sigurðsson) Іоўн) (17.6.1811, Пафсейры, Ісландыя — 7.12.1879),

дзеяч ісландскага нац.-вызв. руху, гісторык. У 1833—35 вучыўся ў Капенгагенскім ун-це. З 1844 дэп. альцінга, з 1845 яго старшыня. У 1835—55 выступаў за адмену дацкай гандл. манаполіі ў Ісландыі, наданне Ісландыі абласной аўтаноміі, устанаўленне рэальнай уніі з Даніяй на ўзор швед.-нарв. уніі 1814—1905. У 1848—49 прапанаваў тэзіс пра юрыд. права Ісландыі на поўную дзярж. незалежнасць з аддзяленнем ад Даніі. Аўтар ісландскай канстытуцыі ад 5.1.1874, «бацька незалежнасці Ісландыі». Выдаваў (з 1853) крыніцы па стараж. гісторыі Ісландыі.

т. 14, с. 367

СІГ ЛЕДАВІТАМО́РСКІ, сіг сібірскі,

рыба сям. сіговых, гл. Пыж’ян.

т. 14, с. 365

СІ́ДА, грудніка (Sida),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).

Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 367

СІ́ДАНС ((Siddons) Сара) (5.7.1755, г. Брэкан, Вялікабрытанія — 8.6.1831),

англійская актрыса; прадстаўніца позняга класіцызму. Сцэн. дзейнасць пачала ў правінцыяльных т-рах. У 1755 у т-ры «Друры-Лейн» (ролі Порцыі і лэдзі Ганны ў п’есах «Венецыянскі купец» і «Рычард ПІ» У.​Шэкспіра). У 1776—82 зноў у правінцыяльных т-рах. Роля Ізабелы («Ракавы шлюб» Т.​Саутэрна) у т-ры «Друры-Лейн» (1782) прынесла ёй вядомасць як трагічнай актрысы. Выдатная выканаўца жан. вобразаў у п’есах Шэкспіра: лэдзі Макбет («Макбет»), Канстанца («Кароль Джон»), Афелія («Гамлет»), Імагена («Цымбелін»).

Літ.:

История западноевропейского театра. Т. 3. М., 1963.

т. 14, с. 368

СІ́ДАР,

другая назва вадасховішча Гранд-Рапідс у Канадзе.

т. 14, с. 368

СІ́ДАРАВА (Глафіра Пятроўна) (н. 2.12.1922),

расійская актрыса. Нар. арт. Комі (1949). Засл. арт. Расіі (1967). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Комі-студыю Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (1942). З 1942 у Комі рэсп. драм. т-ры імя В.​А.​Савіна (г. Сыктыўкар). Актрыса шырокага дыяпазону з яркім тэмпераментам і вял. унутранай сілай. Сярод роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Квашня («На дне» М.​Горкага), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева) і інш.

т. 14, с. 368

СІ́ДАРАВІЧЫ,

вёска ў Магілёўскім р-не, каля аўтадарогі Магілёў—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пд ад Магілёва. 554 ж., 215 двароў (2001). 2 дрэваапр. цэхі. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 368

СІ́ДАРАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 8.5.1927, с. Рап’ёўка Базарна-Карабулакскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыў Маск. тэатр. вучылішча імя М.​С.​Шчэпкіна (1949). Працаваў у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1954 у Нац. акад. драм. т-ры імя М.​Горкага. Адначасова з 1968 -выкладае ў Бел. АМ. Творчасці С. ўласцівы лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры ўнутр. напружанасці, дакладнасць дэталей, пластычнасць маст. вобраза. Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камед. роляў. Ролі ў бел. рэпертуары т-ра імя М.​Горкага: лейтэнант Наганаў, палкоўнік Кусонскі, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» А.​Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле В.​Быкава) і інш. Ролі ў класічным рэпертуары: Мікіта («Улада цемры» Л.​Талстога), Пратасаў, Бардзін, Ягор Булычоў, Бубнаў, Жан («Дзеці сонца», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага, «Букееў і кампанія» паводле п’есы «Якаў Багамолаў» М.​Горкага), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра», «Макбет» У.​Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера) і інш. Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Дасбергена Мустафаева («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава), Гартмана («Дзікунка» Ж.​Ануя), Фушэ («Вячэра» Ж.​Брысвіля) і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных і радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

Ю.У.Сідараў.
Ю.Сідараў у ролі Ягора Булычова.

т. 14, с. 368