СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)