Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.

Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 428

СІЯЛКО́Т,

горад на ПнУ Пакістана, у прав. Пенджаб, за 15 км ад граніцы з Індыяй. Каля 400 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Вытв-сць хірург. і муз. інструментаў, спарт. інвентару. Цэнтр саматужных рамёстваў: выраб метал. посуду, ручное дыванаткацтва, разьбярства па дрэве і метале.

т. 14, с. 429

СІЯ́М,

афіцыйная назва Тайланда да 1939 і ў 1945—48.

т. 14, с. 429

СІЯ́МСКІЯ БЛІЗНЯ́ТЫ,

аднаполыя блізняты, злучаныя паміж сабой; загана развіцця. Тэрмін «С.б.» з’явіўся ў 19 ст. пасля нараджэння ў 1814 у Сіяме братоў — Чанга і Хенга (па-кітайску правы і левы), злучаных у вобласці грудной клеткі і бёдраў. Частата нараджэння С.б. — 1 на 100—250 тыс. родаў. Маюць няпоўнае раздзяленне тулаваў, спалучэнне крывяносных сістэм і інш. С.б. бываюць сім. і асім. (адзін развіваецца нармальна, другі недаразвіты). Падвяргаюцца хірург. раздзяленню.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 429

СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),

ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л. шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў склад паліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам. міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.

На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр. с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг. арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.

Літ.:

Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;

Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;

Корнеев Л.А. Классовая сущность сионизма. Киев, 1982;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998;

Лакер В. История сионизма: Пер. с англ. М., 2000.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 429

СІЯ́НІН (Міхаіл Данілавіч) (17.12.1901, в. Забалацце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.10.1973),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Вышэйшую кав. школу (1927), Ваен. акадэмію Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік ліквідацыі антыбальшавіцкага кранштацкага паўстання 1921, сял. выступленняў на Тамбоўшчыне ў 1920—21, баёў з басмачамі. У Вял. Айч. вайну з ліст. 1941 на Калінінскім фронце. Механіз. брыгада на чале з палк. С. вызначылася ў вер. 1943 у баях за Дняпро каля в. Вял. Букрын на ПдУ ад Кіева. Да 1947 у Сав. Арміі. З 1966 дырэктар мемар. музея К.​С.​Заслонава (г. Орша).

М.Д.Сіянін.

т. 14, с. 429

СІЯ́НЬ, Сіань,

горад у цэнтр. Кітаі, у даліне р. Вэйхэ (прыток Хуанхэ). Адм. ц. прав. Шэньсі. Каля 3 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металургічная, шматгаліновае машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, аўтамашын, трактароў, самалётаў), керамічная, тэкст., фармацэўтычная, лакафарбавая, харчовая. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 7—8, 14 ст.

У 1027—249 да н.э. тут знаходзіўся цэнтр фарміравання этнічнай супольнасці чжоў са стараж. сталіцамі Хао і Фэн. У 202 да н.э. тут засн. сталіца ханьскай імперыі Чан’ань, якая ў 3—6 ст. н.э. была сталіцай шэрагу паўн.-кіт. дзяржаў. У 583 на месцы сучаснага С. пабудавана новая сталіца Кітая г. Дасін (пазней перайменавана ў Чан’ань). У эпоху Тан (618—907) горад стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Кітая. Перабудаваны паводле адзінага плана, ён стаў узорам для больш позняга горадабудаўніцтва. У 10 ст. паступова страціў б. значэнне. З 14 ст. адм. ц. акругі Сіянь, атрымаў сучасную назву. З 2-й пал. 17 ст. С. — адм. ц. правінцыі Шэньсі. У 1936 у С. адбыліся выступленні гаміньданаўскіх войск супраць урада Чан Кайшы. У 1949 горад вызвалены ад гаміньданаўцаў нар.-вызв. арміяй Кітая. У 1974 у выніку раскопак (вядуцца з 1956) каля С. выяўлена пахаванне імператара Цынь Шыхуандзі з тэракотавымі скульптурнымі выявамі воінаў. Пахаванне ў С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Да арт. Сіянь. Пахаванне кітайскага імператара Цынь Шыхуандзі. Тэракотавыя скульптурныя выявы воінаў. 3 ст. да н.э.

т. 14, с. 429