СІБІ́Р,
большая частка азіяцкай тэр. ў Расійскай Федэрацыі, якая распасціраецца ад Урала на З да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу на У і ад Паўн. Ледавітага ак. на Пн да стэпаў Казахстана і мяжы з Цэнтр. Азіяй на Пд. Працягласць з З на У больш за 7 тыс. км, з Пн на Пд да 3,5 тыс. км. Пл. з прылеглымі астравамі каля 10 млн. км². У межах С. знаходзіцца 21 суб’ект Расійскай Федэрацыі: рэспублікі — Алтай, Бурація, Саха (Якуція), Тыва, Хакасія; краі — Алтайскі і Краснаярскі; вобласці — Іркуцкая, Кемераўская, Курганская, Новасібірская, Омская, Томская, Цюменская, Чыцінская; аўт. акругі — Агінская Бурацкая, Таймырская, Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (гл. адпаведныя арт.). Уключае фізіка-геагр. вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўд. Сібіры (Алтай, Зах. Саян, Усх. Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на ПнУ Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е. У геал. будове С. вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на Пн і З абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на Пд — пратэразойскай, на ПнУ і ПдУ — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на Пн С. і ў гарах было зледзяненне. Вял. паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўд.-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жал. і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш. С. размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат б. часткі С. суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на Пн арктычны. Сярэднегадавыя т-ры паветра амаль усюды ніжэй за 0 °C. На Пн сярэдняя т-ра ліп. 0—2 °C, студз. -48 °C, -50 °C, («полюс холаду» Паўн. паўшар’я ў Верхаянску і Аймяконе да -71 °C). На Пд і ПдЗ клімат больш цёплы з т-рай ліп. 22—23 °C, студз. -16 °C, -20 °C. Ападкаў на ПнУ 150—250 мм, на З да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год. Акрамя цэнтр. і паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на выш. 2000—2500 м. Рэкі С. належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найб. рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На ПдУ вытокі р. Амур (бас. Ціхага ак.). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны. На Пн мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На Пд ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На Пд Заходняй С. лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усх. С. лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўд. С. вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі. Запаведнікі, нац. паркі.
Гісторыя. Як гіст. раён С. уключае таксама Д. Усход. Чалавек насяліў гэтую тэр. ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У 1-м тыс. н.э. паўд. раёны С. былі ў складзе Цюркскага каганата, Бахай і інш. дзяржаў. У 13 ст. паўд. С. заваявана манголамі. Частка тэр. С. ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. Паходы рас. ваявод (з канца 15 ст.) і Ермака (гл. Ярмак) у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню С. да Рас. дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне 19 ст. Вял. ролю ў асваенні і вывучэнні С. і Д. Усходу адыгралі рас. землепраходцы 17 ст., камчацкія экспедыцыі В.Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г.І.Невяльскога, даследаванні І.Дз.Чэрскага і інш. У 18 ст. ўзнікла горная прам-сць, у 19 ст. золатаздабыўная, каменнавугальная, харчовая. Адбывалася каланізацыя С. сялянамі з Еўрап. Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Сав. улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22. З канца 17 ст. С. была месцам паліт. катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых рэпрэсій палітычных 1930—50-х г. у С. і на Д. Усходзе знаходзілася сетка папраўча-працоўных лагераў сістэмы ГУЛАГ Пра беларусаў у С. гл. ў арт. Расія (раздзел «Беларусы ў Расіі») і Новасібірская вобласць (раздзел «Беларусы ў Новасібірскай вобласці»).
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Михайлов Н.И. Физическая география СССР: Азиатская часть. 4 изд. М., 1987;
История Сибири с древнейших времен и до наших дней. Т. 1—5. Л., 1968—69;
Миллер Г.Ф. История Сибири: Пер. с нем. Т. 1—2. 2 изд. М., 1999—2000;
Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;
Галуза У. Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. 1998. №10/11.
т. 14, с. 362