СІБЕ́ЛІУС ((Sibelius) Ян) (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),

фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.​Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін. нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).

Літ.:

Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.

І.​Ю.​В’югінава.

Я.Сібеліус.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)