Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЕ́ЛА (Siella),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах. На Беларусі 1 від — С. прамая (S. erecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца па берагах канаў і ручаёў, на ўскрайках балот.

Шматгадовыя травяністыя прыбярэжнаводныя расліны. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, у ніжняй ч. моцна разгалінаваныя, выш. 40—150 см. Лісце чаргаванае, няпарна-перыстае, ніжняе знаходзіцца ў вадзе, або плавае на паверхні. Кветкі дробныя, белыя ў складаных парасоніках на кароткіх кветаносах. Плод — віслаплоднік. Меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіела прамая.

т. 14, с. 371

СІЕ́НА (Siena),

горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 70 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Акадэміі прыгожых мастацтваў і музычная. Музеі: археал., Нац. пінакатэка (сіенскі жывапіс 12—16 ст.), «Опера Метрапалітана» (музей сабора). Цэнтр турызму.

Засн. рымлянамі як ваен. калонія ў 1 ст. да н.э. З 8 ст. н.э. — рэзідэнцыя біскупа. З 12 ст. камуна, апора гібелінаў (гл. Гвельфы і гібеліны) у Сярэдняй Італіі, якая варагавала з Фларэнцыяй. У 13—14 ст. С. — найбуйн. еўрап. банкаўска-ліхвярскі і рамесніцкі (сукнаробства) цэнтр. У 1240 засн. ун-т. У 14 ст. зараджаюцца мануфактуры. У 1399—1404 С. пад уладай міланскіх герцагаў Вісконці, у 1487—1525 у С. тыранія Петручы. У 1531—52, 1555—57 — ісп. уладанне. З 1557 у складзе Фларэнційскага герцагства, з 1860 — Сардзінскага (з 1861 — Італьянскага) каралеўства.

Старая ч. горада захавала сярэдневяковае, пераважна гатычнае аблічча. Сярод арх. помнікаў: сабор (1284—1376, арх. Дж.​Пізана і інш.; амбон скульпт. Н.​Пізана), касцёлы Сан-Даменіка (1293—1391), Сан-Франчэска (1326—1476), палацы Таламеі (з 1205), Публіка (1297—1310, дабудовы 17 ст.; фрэскі А.​Ларэнцэці, С.​Марціні і інш.), Лоджыя дэль Папа (1460, арх. А.​Федэрыгі, Франчэска ды Джорджа) і інш.

т. 14, с. 371

СІЕНІ́Т (ад грэч. Syēnē Сіена — назва стараж егіп. г. Сун, цяпер Асуан),

інтрузіўная магматычная горная парода, складзеная са шчолачных палявых шпатаў (60—90%) і цемнаколерных мінералаў (10—40%; піраксен, рагавая падманка, біятыт). Структура поўнакрышт. раўнамерна-зярністая. Колер ад ружовага да шэрага. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паводле ўтрымання крэменязёму адносіцца да сярэдніх магматычных парод. Падзяляюцца на 3 групы: нармальнай, павышанай шчолачнасці і шчолачныя. Адрозніваюць С.: піраксенавыя, біятытавыя, рогавападманкавыя, ніфелінавыя; да С. адносяцца таксама лампрафіры. Утвараюцца з сіенітавай магмы, уваходзяць у склад гранітоідных і габроідных інтрузіваў, радзей утвараюць самаст. целы. Выкарыстоўваецца як сыравіна на шчолач, скульптурны, дэкар.-абліцовачны і буд. камень, у керамічнай вытв-сці і інш.

Сіена. Сабор.
Да арт. Сіенская школа. С.​Марціні. Пасвячэнне святога Марціна ў рыцары.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 371

СІЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа Італіі ў 13—16 ст. з цэнтрам у г. Сіена. Зыходзіла з традыцый італа-візант. і гатычнага жывапісу. У перыяд росквіту школы (13—1-я пал. 14 ст.) творы яе майстроў (Дуча ды Буанінсенья, С.​Марціні і інш.) вызначаліся адухоўленым лірызмам, эмац. насычанасцю мяккага каларыту, вытанчанасцю лінейнага рытму. С.ш. цесна звязана з пошукамі Джота ды Бандоне і творчасцю фларэнційскіх майстроў протарэнесансу, жывапісам братоў Ларэнцэці. У 15 ст. яе адметнымі рысамі былі вытанчаны дэкаратывізм, лірычная сузіральнасць, атмасфера казачнасці (Джавані ды Паала). Ў 16 ст. паступова страціла сваё значэнне.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 371

СІЕ́С, Сіеес,

Сьеес (Sieyès) Эмануэль Жазеф (3.5.1748, г. Фрэжус, Францыя — 20.6.1836), дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Да рэвалюцыі абат. Аўтар брашуры «Што такое трэцяе саслоўе?» (1789). Ад трэцяга саслоўя Парыжа выбраны дэпутатам у Ген. штаты 1789. Па прапанове С. сход прадстаўнікоў трэцяга саслоўя абвясціў сябе Нац. сходам. С. удзельнічаў у выпрацоўцы Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Якабінскага клуба. У наступныя гады ўхіляўся ад вызначэння сваёй пазіцыі. Будучы чл. Канвента, галасаваў за смяротнае пакаранне Людовіка XIV. Пасля контррэв. тэрмідарыянскага перавароту (1794) разгарнуў актыўную паліт. дзейнасць. Адзін са складальнікаў канстытуцыі 1795, якая ўстанавіла рэжым Дырэкторыі. Актыўна рыхтаваў дзярж. пераварот 18 брумера 1799; стаў адным з трох часовых консулаў, з 1800 чл. Сената. З 1803 чл. Франц. акадэміі. У 1816—30 у выгнанні як «царазабойца».

т. 14, с. 372