СІЕ́НА (Siena),

горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 70 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Акадэміі прыгожых мастацтваў і музычная. Музеі: археал., Нац. пінакатэка (сіенскі жывапіс 12—16 ст.), «Опера Метрапалітана» (музей сабора). Цэнтр турызму.

Засн. рымлянамі як ваен. калонія ў 1 ст. да н.э. З 8 ст. н.э. — рэзідэнцыя біскупа. З 12 ст. камуна, апора гібелінаў (гл. Гвельфы і гібеліны) у Сярэдняй Італіі, якая варагавала з Фларэнцыяй. У 13—14 ст. С. — найбуйн. еўрап. банкаўска-ліхвярскі і рамесніцкі (сукнаробства) цэнтр. У 1240 засн. ун-т. У 14 ст. зараджаюцца мануфактуры. У 1399—1404 С. пад уладай міланскіх герцагаў Вісконці, у 1487—1525 у С. тыранія Петручы. У 1531—52, 1555—57 — ісп. уладанне. З 1557 у складзе Фларэнційскага герцагства, з 1860 — Сардзінскага (з 1861 — Італьянскага) каралеўства.

Старая ч. горада захавала сярэдневяковае, пераважна гатычнае аблічча. Сярод арх. помнікаў: сабор (1284—1376, арх. Дж.​Пізана і інш.; амбон скульпт. Н.​Пізана), касцёлы Сан-Даменіка (1293—1391), Сан-Франчэска (1326—1476), палацы Таламеі (з 1205), Публіка (1297—1310, дабудовы 17 ст.; фрэскі А.​Ларэнцэці, С.​Марціні і інш.), Лоджыя дэль Папа (1460, арх. А.​Федэрыгі, Франчэска ды Джорджа) і інш.

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)