Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАКІ́ТНІЦА,

вёска ў Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жабінка, 20 км ад Брэста. 600 ж., 205 двароў (2001). Брэсцкае абл. ўпраўленне радыё і тэлебачання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 284

РАКІ́ТНЫ (Мікола) (сапр. Новікаў Мікалай Ісакавіч; 15.4.1920, в. Петрыцкае Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.8.2000),

бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940).

З 1946 працаваў у газ. «Звязда», у 1949—80 у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1944. Аўтар зб-каў апавяд. «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). Апавяданні вызначаюцца псіх. дакладнасцю, цэласнасцю задумы, выразнай мовай герояў. Аўтар нарысаў, фельетонаў.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1972;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980.

т. 13, с. 284

РАКІ́ЦКІ (Пётр Фаміч) (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад. АН Беларусі (1967), д-р біял. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АН СССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн. інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Генетика. 4 изд. М., 1937;

Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;

Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.

П.Ф.Ракіцкі.

т. 13, с. 284

РАКІЦЯ́НСКАЯ (Аляксандра Аляксандраўна) (н. 1.12.1921, г. Бугульма, Татарстан, Расія),

бел. вучоны ў галіне гематалогіі і імуналогіі. Д-р мед. н. (1972). Засл. ўрач Беларусі (1984). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948). У 1948—88 у Бел. НДІ пералівання крыві (з 1974 кіраўнік аддзела). Навук. працы па метадах дыягностыкі і лячэнні хвароб крыві, імунатэрапіі лейкозаў і анемій, распрацоўцы імунастымулявальных прэпаратаў.

Тв.:

Электрофорез клеток крови в норме и патологии. Мн., 1974 (разам з С.​С.​Харамоненка);

Иммуностимулирующие свойства эритрофосфатида — нового лечебного препарата (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1991. Т. 35, №2.

т. 13, с. 284

РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),

сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.

Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракі-пустэльнікі: 1 — дарданус; 2 — пагурус.

т. 13, с. 283

РА́КЛЕВІЧЫ,

вёска ў Дзятлаўскім с/с Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Дзятлава—Наваельня. Цэнтр калгаса. За 7 км на ПнУ ад г. Дзятлава, 148 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Наваельня. 322 ж., 110 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 284

РАКО́ВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (28.11.1926, в. Лясок Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.2000),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН (у 1968—94 заг. лабараторыі). У 1993—94 акад.-сакратар Бел. аддзялення Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій. Распрацаваў тэарэт. асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызацыі канструктарска-тэхнал. праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні. Дзярж прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985;

Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991 (разам з М.​М.​Другаковай);

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснашения. Мн., 1997 (у сааўт.).

Літ.:

Савік М.П. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 284

РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),

балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-ва па арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум. г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг. гайдукоў супраць тур. прыгнёту.

т. 13, с. 285

РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы і «Вайна вайне» Я.​Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.​Мележа, аповесць «Андрэйка» П.​Кавалёва, апавяданні М.​Лынькова, зб. апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.​Рудава і У.​Ідэльсон.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1983;

Бел. пер. — Канстанцін Заслонаў. Мн., 1976.

А.​Р.​Жакаў.

т. 13, с. 285

РАКО́ЎСКІ (Уладзімір Яўгенавіч) (5.12.1900, Масква — 10.12.1987),

расійскі і бел. вучоны ў галіне хіміі цвёрдага паліва. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), д-р хім. н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1923 у розных н.-д. установах. У 1943—46 і 1960—63 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, у 1964—69 у Калінінскім політэхн. ін-це (заг. кафедры), з 1970 у Маскоўскім філіяле Усесаюзнага НДІ тарфяной прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі і хім. тэхналогіі перапрацоўкі торфу, пытаннях паходжання цвёрдага паліва і нафты, тэорыі тэрмічнай дэструкцыі прыродных палімераў. Аўтар хім. тэорыі спякання вугалёў.

Тв.:

Химия пирогенных процессов. Мн., 1959 (разам з Ф.​Л.​Кагановіч, Я.​А.​Навічковай);

Химия и генезис торфа. М., 1978 (разам з Л.​У.​Пігулеўскай).

У.Я.Ракоўскі.

т. 13, с. 285