РАКІ́ЦКІ (Пётр Фаміч) (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.АН Беларусі (1967), д-рбіял.н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АНСССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн. інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.
Тв.:
Генетика. 4 изд. М., 1937;
Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;
Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.