РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),

сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.

Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракі-пустэльнікі: 1 — дарданус; 2 — пагурус.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)