Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУЗЫРЫ́,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мядзел—Будслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПдУ ад г. Мядзел, 150 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Крывічы. 215 ж., 92 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, філіял камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 119

ПУЗЫРЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фаўсцінавіч) (1817, Віленская губ. — 1872),

бел. вучоны ў галіне ўнутр. хвароб. Д-р медыцыны (1863). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1843). У 1843—60 працаваў ваен. урачом. З 1863 старшы ўрач Магілёўскай бальніцы прыказа грамадскай апекі. Навук. працы па дыфтэрыйных паралічах, значэнні кухоннай солі ў харчаванні жывёл і інш.

т. 13, с. 119

ПУ́ІПЧА,

радовішча глін у Віцебскім р-не, каля аднайм. вёскі. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага гарызонту. Гліны мантмарыланітава-гідраслюдзістыя, з дамешкамі каалініту, стужачныя, тлустыя, шчыльныя. Разведаныя запасы 12,6 млн. т, перспектыўныя 3,4 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—6,7 м, ускрышы (пяскі) 0,2—1,9 м. Гліны з дамешкамі супескаў прыдатныя ў якасці гліністага кампанента пры вырабе цэменту.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 140

ПУ́ЙМАНАВА ((Pujmanová) Марыя) (8.6.1893, Прага — 19.5.1958),

чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб. аўтабіягр. апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.​Паўтаржыцкі, У.​Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;

Рус. пер.Соч. Т. 1—5. М., 1960—61.

Літ.:

Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.

А.​У.​Вострыкава.

т. 13, с. 119

ПУ́КІРАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (1832, с. Лужнікі Тульскай вобл., Расія — 13.6.1890),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1847—58), у 1861—73 выкладаў у гэтым вучылішчы (з 1863 праф.). У 1850-я г. працаваў пераважна ў жанры партрэта, пазней звярнуўся да жанравага жывапісу сац.-выкрывальнага зместу: «Няроўны шлюб» (1862), «Збор нядоімак» (1869—70), «Патрава» (1870), «Прыём пасагу па роспісе» (1873) і інш.

В.Пукіраў. Няроўны шлюб. 1862.

т. 13, с. 120

ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.​Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.​Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.​Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.​Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Пушкіна, А.​Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.​Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.​Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел. нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Г.​К.​Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Р.К.Пукст.

т. 13, с. 120

ПУКЦЫ́НІЯ, пучынія (Puccinia),

род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. Каля 1800 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты злакаў, асаковых, складанакветных, парасонавых, лілейных (гл. Іржа раслін). Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм і рас. На Беларусі каля 200 відаў. Найб. вядомыя П.: злакавая (P. graminis), выклікае сцябловую ржу злакаў, карончатая (P. coronifera) — карончатую ржу аўса, скрытая (P. recondita) — бурую ржу жыта і пшаніцы.

Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі. Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру. Цыкл развіцця поўны (5 тыпаў споранашэння) і няпоўны, бываюць аднагаспадаровыя (развіццё ўсіх тыпаў споранашэння на адной расліне) і рознагаспадаровыя (гаплоідная і дыплоідная стадыі грыба развіваюцца на розных раслінах).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 120

ПУЛ (англ. pool літаральна агульны кацёл),

форма аб’яднання, пагаднення паміж прадпрымальнікамі, пры якой прыбытак удзельнікаў паступае ў агульны фонд і размяркоўваецца паміж імі па раней устаноўленых суадносінах. Звычайна мае часовы характар.

т. 13, с. 120

ПУ́ЛА (Pula),

горад у Харватыі, на п-ве Істрыя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Каля 100 тыс. ж. (2000). Порт на Адрыятычным м. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., у т. л. танкераў; буд. матэрыялаў, хім., дрэваапр., тэкст., харчовая; цэнтр рыбалоўства і рыбакансервавай прам-сці. Археал. музей. Добра захаваліся рымскія пабудовы 1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.: трыумфальная арка, амфітэатр, рэшткі гар. умацаванняў і віл. Маўзалей і царква св. Міколы (абодва 6 ст.) і інш. Турызм.

т. 13, с. 120

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120