ПУКЦЫ́НІЯ, пучынія (Puccinia),

род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. Каля 1800 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты злакаў, асаковых, складанакветных, парасонавых, лілейных (гл. Іржа раслін). Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм і рас. На Беларусі каля 200 відаў. Найб. вядомыя П.: злакавая (P. graminis), выклікае сцябловую ржу злакаў, карончатая (P. coronifera) — карончатую ржу аўса, скрытая (P. recondita) — бурую ржу жыта і пшаніцы.

Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі. Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру. Цыкл развіцця поўны (5 тыпаў споранашэння) і няпоўны, бываюць аднагаспадаровыя (развіццё ўсіх тыпаў споранашэння на адной расліне) і рознагаспадаровыя (гаплоідная і дыплоідная стадыі грыба развіваюцца на розных раслінах).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)