ПОР-РАЯ́ЛЬ, Пор-Руаяль (Port-Royal),
жаночы кляштар у Францыі, які ў 17 ст. быў цэнтрам асветы і л-ры. Засн. ў 1204 каля Парыжа. У 1625 ад яго аддзяліўся кляштар, які размяшчаўся ў Парыжы; кляштар у старым будынку стаў называцца П-Р. дэ Шан. Намаганнямі абатысы Анжэлікі Арно і яе братоў у 17 ст. абодва кляштары сталі цэнтрамі франц. л-ры і філас. думкі. У 1630-я г. П.-Р. — цэнтр янсенізму. Сюды з’язджалася моладзь для навук. заняткаў. Для выкладання ў П.-Р. былі складзены лепшыя на той час падручнікі па лац. і грэч. мовах, логіцы. З П.-Р. дэ Шан былі цесна звязаны філосафы, вучоныя, пісьменнікі — Б.Паскаль, Ж.Расін, да яго быў блізкі Р.Дэкарт. П.-Р. удзельнічаў у барацьбе супраць езуітаў. У 1710 П.-Р. дэ Шан паводле загаду караля Людовіка XIV разбураны. Парыжскі П.-Р. існаваў да 1790. Ш.А.Сент-Бёў напісаў «Гісторыю Пор-Раяля» (т. 1—5, 1840—59).
т. 12, с. 512
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 512