Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.

т. 11, с. 12

МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 13

МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял. Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.

А.С.Фядосенка.

т. 11, с. 13

МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.

Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел. маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс. дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш. археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар. муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.

Літ.:

Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;

Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.

В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.

Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.

т. 11, с. 13

МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.І.Дабравольская.

т. 11, с. 13

МУЗЕ́Й УСХО́ДУ ў Маскве.

Засн. ў 1918 на аснове прыватных калекцый, у т. л. П.І.Шчукіна, К.Ф.Някрасава і інш. Да 1925 наз. «Ars Asiatica» («Мастацтва Азіі»), да 1962 — Музей усх. культур, да 1992 — Музей мастацтва народаў Усходу. Калекцыі ўключаюць стараж., сярэдневяковае і сучаснае мастацтва Сярэдняй Азіі, Каўказа і Закаўказзя, краін Д. Усходу і Паўд.-Усх. Азіі, Ірана, Індыі, Турцыі, араб. краін, народаў трапічнай Афрыкі; творы ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва, кіт. жывапісу 11—20 ст., інд. і іранскай мініяцюры 16—17 ст., яп. гравюры 18—19 ст. і інш. Размешчаны часткова ў б. гар. сядзібе Луніных (1823, арх. Д.Жылярдзі). Як НДІ праводзіць вял. навук. работу, арганізуе археал. і этнагр. экспедыцыі, канферэнцыі, выдае каталогі, зборнікі дакладаў і навук. паведамленняў.

т. 11, с. 13

МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ ў Магілёве.

Філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя і гар. побыту магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне магілёўскага і краснапольскага строяў, калекцыі самабытных ручнікоў Магілёўшчыны, абразоў, кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

т. 11, с. 13

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.Д.Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.Р.Брэжга, А.П.Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.А.Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

МУ́ЗІКА ((Muzika) Францішак) (26.6.1900, Прага — 1.11.1974),

чэшскі мастак. Вучыўся ў АМ у Празе (1918—24) і ў Парыжы (1925—26). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе ў Празе (з 1945). Чл. маст. аб’яднання «Дзеветсіл» (з 1921) і Т-ва мастакоў «Манес» (з 1923). У творчасці звяртаўся да прыёмаў сюррэалізму, неакласіцызму і неарамантызму: карціны «Тры сястры» (1922), «Сям’я» (1924), «Нацюрморт з ракавінай на стале» (1927), «Пейзаж» (1935), «Барацьба» (1937), «Бабіна лета» (1940), «Сон», «Рэквіем» (абедзве 1943), «Тэатр» (1944), «Дрэва з акном. XIII» (1952), «Вялікая дуга» (1965), серыя карцін «З чэшскага раю» (1943) і інш. Працаваў у графіцы і тэатр.-дэкарацыйным мастацтве.

т. 11, с. 14

МУ́ЗІЛЬ (Мікалай Ігнатавіч) (26.11.1839, Чэсмены пад Масквой —9.7.1906),

рускі акцёр. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1903). Ў 1865 дэбютаваў у Малым т-ры. З гумарам выконваў ролі амплуа «прасцяка» ў вадэвілях і аперэтах. Пазней характарны акцёр. Найб. вызначыўся ў п’есах А.Астроўскага, у многіх — першы выканаўца: Гаўрыла («Гарачае сэрца», 1869), Пётр («Лес», 1871), Платон («Праўда — добра, а шчасце лепш», 1876), Рабінзон («Беспасажніца», 1878), Нарокаў («Таленты і паклоннікі», 1881), Шмага («Без віны вінаватыя», 1884) і інш.

т. 11, с. 14