МУ́ЗІКА ((Muzika) Францішак) (26.6.1900, Прага — 1.11.1974),
чэшскі мастак. Вучыўся ў АМ у Празе (1918—24) і ў Парыжы (1925—26). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе ў Празе (з 1945). Чл. маст. аб’яднання «Дзеветсіл» (з 1921) і Т-ва мастакоў «Манес» (з 1923). У творчасці звяртаўся да прыёмаў сюррэалізму, неакласіцызму і неарамантызму: карціны «Тры сястры» (1922), «Сям’я» (1924), «Нацюрморт з ракавінай на стале» (1927), «Пейзаж» (1935), «Барацьба» (1937), «Бабіна лета» (1940), «Сон», «Рэквіем» (абедзве 1943), «Тэатр» (1944), «Дрэва з акном. XIII» (1952), «Вялікая дуга» (1965), серыя карцін «З чэшскага раю» (1943) і інш. Працаваў у графіцы і тэатр.-дэкарацыйным мастацтве.
т. 11, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)