Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́РЧЫСАН (Murchison),

рака на З Аўстраліі. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на схілах хр. Робінсан, упадае ў Індыйскі ак. Сцёк толькі зімой, у перыяд дажджоў, летам перасыхае і распадаецца на шэраг азёр.

т. 10, с. 296

МЕ́РЧЫЦЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 180 км ад Брэста. 414 ж., 162 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, 2 б-кі, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 10, с. 296

МЕ́РЫ,

сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.

М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз. калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 296

МЕ́РЫ ((Meri) Ленарт-Георг) (н. 29.3.1929, Талін),

эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.​Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).

т. 10, с. 296

МЕ́РЫДА (Mérida),

горад на ПдУ Мексікі, на п-ве Юкатан. Адм. ц. штата Юкатан. Засн. ў 1542 на месцы стараж. горада індзейцаў майя. Каля 600 тыс. ж. (1999). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металаапрацоўчая. Саматужныя промыслы (выраб самбрэра, упрыгожанняў з панцыраў чарапах). Ун-т (з 1624). Археал. і гіст. музей Юкатана. Сабор, дом Ф. дэ Мантэха (16 ст.), цэрквы (17—18 ст.).

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297

МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,

астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл. Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.

Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.

т. 10, с. 297

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

тое, што мерыдыян зямны.

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,

лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),

мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.

т. 10, с. 296