Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,

гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.

Л.​У.​Дучыц.

т. 10, с. 168

МАСКАЛЕ́ВІЧ (Леанард Віктаравіч) (н. 5.12.1936, в. Казлоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Праф. міжнар. Акадэміі архітэктуры ў Маскве (з 1997). Скончыў БПІ (1961). Працаваў у ін-тах «Брэстграмадзянпраект», «Мінскпраект», у апараце ЦК КПБ. З 1976 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1990) кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Брэсце — б. Дом палітасветы (1964, цяпер культ. цэнтр), комплекс політэхн. ін-та (1965), жылыя 10-павярховыя дамы па вул. Маскоўскай (1964—75, абодва ў сааўт.), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (1968); у Мінску — пансіянат СМ Беларусі на Заслаўскім вадасховішчы (1968, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), комплекс Бел. ун-та культуры (1975) і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1978, усе ў сааўт.), муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1976), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Палац рэспублікі (1999, будуецца), жылыя дамы па вуліцах Багдановіча з магазінам «Несцерка» (1974), Караля (1970-я г.), Л.​Бяды, Някрасава (1990-я г.), помнікі М.​Багдановічу (1982), У.​І.​Леніну ў г. Орша Віцебскай вобл. (1984); серыі тыпавых жылых дамоў і блок-секцый для малых гарадоў Беларусі (1984) — усе ў сааўт.

т. 10, с. 168

МАСКАЛЕ́НКА (Кірыла Сямёнавіч) (11.5.1902, с. Грышына Краснаармейскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 17.6.1985),

савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1978). Скончыў Украінскую аб’яднаную школу чырв. камандзіраў (1922), артыл. курсы ўдасканалення камсаставу РСЧА (1928), ф-т удасканалення вышэйшага камсаставу Ваен. акадэміі імя Ф.​Э.​Дзяржынскага (1939). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандаваў брыгадай, карпусамі, конна-механізаванай групай, з 1942 — арміямі. З 1948 каманд. войскамі Маскоўскага р-на (акругі) ППА, з 1953 — Маскоўскай ваен. акругі. З 1960 галоўнакаманд. Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння — нам. міністра абароны СССР. У 1962—83 гал. інспектар Мін-ва абароны — нам. міністра абароны СССР.

К.С.Маскаленка.

т. 10, с. 168

МАСКАЛЕ́НКА (Якаў Раманавіч) (2.3.1922, в. Вял. Аўцюкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1966),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мазырскае педвучылішча (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942—43 у 2-й Калінкавіцкай партыз. брыгадзе, з чэрв. 1944 на фронце. Радавы М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час дэсантнай аперацыі пры вызваленні Пінска. Пасля вайны на прафсаюзнай рабоце.

Я.Р.Маскаленка.

т. 10, с. 168

МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),

бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-р слав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.​Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел. к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.​Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).

Літ.:

Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 10, с. 168

МАСКА́НЫ ((Mascagni) П’етра) (7.12. 1863, г. Ліворна, Італія — 2.8.1945),

італьянскі кампазітар; заснавальнік муз. верызму. Чл. Італьян. акадэміі (1929).

Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1881—84). З 1885 дырыжор і кіраўнік невял. оперных і аперэтачных труп. У 1895—1902 дырэктар Муз. ліцэя імя Дж.​Расіні ў г. Пезара, потым Нац. муз. школы ў Рыме. Сусв. вядомасць прынесла яму опера «Сельскі гонар» (паст. 1890), дзе найб. яскрава вызначыліся характэрныя рысы верызму. Сярод інш. твораў: оперы «Сябар Фрыц» (паст. 1891), «Браты Ранцау» (паст. 1892), «Вільям Раткліф» і «Сільвана» (паст. 1895), «Ірыс» (паст. 1898), «Маскі» (паст. 1901), «Аміка» (паст. 1905), «Парызіна» (паст. 1913), «Ладалета» («Жаваранак»; паст. 1917), «Маленькі Марат» (паст. 1921), «Нерон» (паст. 1935); аперэты; аркестравыя, вак.-сімф. і фп. творы; музыка да кінафільмаў і інш.

т. 10, с. 168

МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),

дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.

Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.

т. 10, с. 169

МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн. ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.

т. 10, с. 169

МАСКА́Т,

горад, сталіца Амана, на У Аравійскага п-ва. 85 тыс. ж. (1990). Порт на беразе Аманскага зал. Вузел караванных шляхоў. Каля М. міжнар. аэрапорт. Вываз фруктаў, сушанай рыбы. Гандл.-рамесны цэнтр. Ун-т. Рэзідэнцыя султаната. 2 крэпасці 16 ст.

т. 10, с. 169

МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,

маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст. н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.

Залатая маска пахавальная. Мікены, 16 ст. да н.э.

т. 10, с. 168