МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,

гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.

Л.​У.​Дучыц.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)