Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Ліэе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

МАЙТНЕ́РЫЙ (лац. Meitnerium),

Mt, штучны хім. элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 109. Адкрыты ў 1982 П.Армбрустэрам і Г.Мюнзенберам (г. Дармштат, Германія). Ізатоп Mt-266 атрыманы зліццём атамаў жалеза-58 і вісмуту-209 у рэакцыі з вылучэннем нейтрона. Названы ў гонар Л.Майтнер.

Б.В.Корзун.

т. 9, с. 524

МАЙХРО́ВІЧ (Альфрэд Сцяпанавіч) (н. 2.6.1937, Мінск),

бел. філосаф. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р філас. н. (1984), праф. (1994). Сын С.К.Майхровіча. Скончыў БДУ (1959). З 1969 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі (з 1994 дырэктар). Навуковыя працы па праблемах філасофіі, этыкі, эстэтыкі, фарміравання нац. свядомасці, пра светапогляд і асветніцкую дзейнасць Ф.Багушэвіча, К.Каліноўскага, Я.Коласа, Я.Купалы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).

Тв.:

Эстетические взгляды Якуба Коласа. Мн., 1970;

Белорусские революционные демократы: Важнейшие аспекты мировоззрения. Мн., 1977;

Я.Купала и Я.Колас: Вопр. мировоззрения. Мн., 1982;

Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Які ён, шлях Беларусі да дэмакратычнай дзяржавы? Мн., 1996;

Становление нравственного сознания: Из истории духовной культуры Беларуси. Мн., 1997.

А.С.Майхровіч.

т. 9, с. 524

МАЙХРО́ВІЧ (Сцяпан Казіміравіч) (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1981),

бел. літ.знавец і крытык. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). У 1944—48 дырэктар Дзярж. выд-ва Беларусі, у 1951—54 гал. рэдактар Вучэбнапед. выд-ва Беларусі, у 1959—70 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. працы прысвечаны бел. л-ры 19 ст., помнікам стараж. пісьменнасці, якія разглядаў у плане бел.-рус. і бел.-польскіх культ. кантактаў. Аўтар «Нарыса беларускай літаратуры XIX ст.» (1957), «Нарыса гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст.» (1980), кніг, прысвечаных бел. культ.-асветным дзеячам і пісьменнікам.

Тв.:

Янка Лучына. Мн., 1952;

В.І.Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1955;

Максім Багдановіч: Жьіццё і творчасць. Мн., 1958;

Жизнь и гворчество Ф.Богушевича. Мн., 1961;

Янка Брыль. Мн., 1961;

Георгій Скарына. Мн., 1966;

Слова аб палку Ігаравым. Мн., 1968;

Прыказкі і прымаўкі: Гіст. нарыс. Мн., 1976;

Іван Шамякін. Мн., 1978.

А.С.Ліс.

т. 9, с. 524

МАЙЦЗІША́НЬ (кіт. «Пшанічная гара»),

будыйскі пячорны манастыр 5—17 ст. каля г. Цяньшуй (прав. Ганьсу, Кітай). Складаецца са 194 пячор (галоўныя — «Пячора Нірваны», «Галерэя тысячы Будаў» даўж. 30 м, «Зала дзесяці тысяч Будаў» і інш.) з расфарбаванай скульптурай з гліны і каменю (5—17 ст.; выявы Буды і інш. божастваў будыйскага пантэона) і з насценнымі размалёўкамі (5 ст.). Для ранняй скульптуры характэрны мяккасць, грацыёзнасць, адухоўленасць, для позняй — рысы натуральнай чалавечай прыгажосці. Цяпер музей.

т. 9, с. 524

МА́ЙЯ,

індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс. чал., у т.л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб. культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл. Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.

Літ.:

Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;

Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;

Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.

В.У.Адзярыха.

Да арт. Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).

т. 9, с. 524

МА́ЙЯ ПІСЬМО́,

арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г. вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.Кнарозаў.

Літ.:

Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;

Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;

Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.

Пісьмо Майя. Старонка дрэздэнскага рукапісу.

т. 9, с. 525