МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Ліэе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)