Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́ЖЫ,

востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.

У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Тюриков И.П., Фролов А.И. Кижи. 3 изд. Петрозаводск, 1983.

Кіжы.

т. 8, с. 255

КІЗЕВЕ́ТЭР (Аляксандр Аляксандравіч) (22.5.1866, Пецярбург — 1933),

расійскі паліт. дзеяч, гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1888), у 1909—11 праф. у ім. З 1904 чл. Саюза вызвалення і чл. ЦК партыі кадэтаў. Дэп. 2-й Дзярж. думы. У 1922 высланы з СССР. У эміграцыі быў праф. рус. гісторыі ў Пражскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі Расіі 18—1-й пал. 19 ст.: «Пасадская абшчына ў Расіі XVIII ст.», «Дзевятнаццатае стагоддзе ў гісторыі Расіі» (абедзве 1903), «Гарадавое палажэнне Екацярыны II 1785 г.» (1909), «Гістарычныя нарысы» (1912), «Гістарычныя водгукі» (1915).

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 585—589.

т. 8, с. 255

КІЗЕРЫ́Т (ад імя ням. вучонага Д.Кізера),

мінерал класа сульфатаў, водны сульфат магнію, Mg[SO4]∙H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі рэдкія; звычайна ў выглядзе шчыльных дробназярністых агрэгатаў. Колер белы, шараваты да жаўтаватага. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 2,57 г/см³. Асадкавага паходжання; тыповы мінерал выкапнёвых саляных радовішчаў. Руда магнію.

т. 8, с. 256

КІЗІ́Л (Cornus),

род кветкавых раслін сям. кізілавых. 4 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. і Усх. Еўропе, на Каўказе, у Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны К. мужчынскі (C. mas).

Лістападныя дрэвы або кусты выш. 2,5—10 м. Лісце супраціўнае, яйцападобнае або эліпсоіднае. Кветкі двухполыя, дробныя, залаціста-жоўтыя, па 5—9 у парасоніках. Паяўляюцца да распускання лісця. Плод — цёмна-чырв. мясістая падоўжаная касцянка. Драўніна цяжкая, цвёрдая, з прыгожай тэкстурай, ідзе на такарныя і сталярныя вырабы. Выкарыстоўваецца ў жывых агароджах, для замацавання равоў, восыпаў. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя і таніданосныя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Кізіл.

т. 8, с. 256

КІЗІ́ЛЬНІК (Cotoneaster),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 86 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукавана каля 40 відаў. Найб. вядомыя: К. аднакветны (C. uniflorus), бліскучы (C. lucidus), вастралісты (C. acutifolium), гронкакветны (C. krasnovi), лямцавы (C. tomentosus), суцэльнакрайні (C. integerrimus), чарнаплодны (C. melanocarpus).

Лістападныя і вечназялёныя кусты выш. да 3 м. Лісце простае, чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі пазушныя, дробныя, белыя, руховыя ў гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны, касцянкападобны, чырв. або чорны яблык з 2—5 костачкамі. Драўніна моцная і цвёрдая, ідзе на дробныя вырабы. Лек. і дэкар. расліна.

І.М.Гарановіч.

Кізільнік сцелісты.

т. 8, с. 256

КІЗІ́Л-КАБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 9—6 ст. да н.э., пашыраная ў горных і перадгорных раёнах Крыма. Назва ад пячоры Кізіл-Каба за 25 км на Пд ад Сімферопаля. Прадстаўлена паселішчамі і могільнікамі. Знойдзены ляпная кераміка (часта глянцаваная і ўпрыгожаная наляпным або разным арнаментам), прылады працы з каменю і косці, упрыгожанні з бронзы. Належала таўрам, якія жылі невял. родамі, займаліся адгоннай жывёлагадоўляй у гарах і земляробствам у далінах рэк. К.-к.к. генетычна блізкая да кабанскай культуры Паўн. Каўказа.

Літ.:

Крис Х.И. Кизил-кобинская культура и тавры. М., 1981.

т. 8, с. 256

КІЗІ́М (Леанід Дзянісавіч) (н. 5.8 1941, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык касманаўт СССР (1980), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 27.11—10.12.1980 з А.Р.Макаравым і Г.М.Стракалавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-3» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір); 8.2—2.10.1984 з У.А.Салаўёвым і А.Ю.Ацьковым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як камандзір); 13.3—16.7.1986 з Салаўёвым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-15» і арбітальных станцыях «Мір» і «Салют-7», у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Правёў у космасе 374,75 сут.

т. 8, с. 256

КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗС фаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.

М.В.Стралец.

т. 8, с. 256

КІ́І,

праліў паміж усх. ч. в-ва Сікоку і паўд. канцавой ч. п-ва Хонсю (п-ваў Кіі). Злучае Унутр. Японскае м. (Сета-Найкай) з Філіпінскім м. Ціхага ак. Даўж. 50 км, шыр. 34—55 км, найменшая глыб. на фарватэры 67 м. Моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз, з ваганнямі ўзр. м. да 2 м). Порт Вакаяма.

т. 8, с. 256

КІІ́К-КАБА́,

рэшткі палеалітычнай стаянкі ў пячоры Кіік-Каба (Крым), за 25 км на У ад Сімферопаля. Даследавана ў 1923—24 Г.А.Бонч-Асмалоўскім. Мае 2 напластаванні: ніжні — канца ашэльскага — пач. мусцьерскага часу і верхні — сярэдняга мусцье. Знойдзены пахаванні неандэртальцаў (дарослага чалавека і дзіцяці), крамянёвыя прылады працы і косці дзікіх жывёл.

т. 8, с. 256