КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗС фаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.

М.В.Стралец.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)