КІЗІ́ЛЬНІК (Cotoneaster),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 86 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукавана каля 40 відаў. Найб. вядомыя: К. аднакветны (C. uniflorus), бліскучы (C. lucidus), вастралісты (C. acutifolium), гронкакветны (C. krasnovi), лямцавы (C. tomentosus), суцэльнакрайні (C. integerrimus), чарнаплодны (C. melanocarpus).

Лістападныя і вечназялёныя кусты выш. да 3 м. Лісце простае, чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі пазушныя, дробныя, белыя, руховыя ў гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны, касцянкападобны, чырв. або чорны яблык з 2—5 костачкамі. Драўніна моцная і цвёрдая, ідзе на дробныя вырабы. Лек. і дэкар. расліна.

І.М.Гарановіч.

Кізільнік сцелісты.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)