КІ́ЖЫ,

востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.

У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Тюриков И.П., Фролов А.И. Кижи. 3 изд. Петрозаводск, 1983.

Кіжы.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)