КІЗІ́Л (Cornus),

род кветкавых раслін сям. кізілавых. 4 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. і Усх. Еўропе, на Каўказе, у Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны К. мужчынскі (C. mas).

Лістападныя дрэвы або кусты выш. 2,5—10 м. Лісце супраціўнае, яйцападобнае або эліпсоіднае. Кветкі двухполыя, дробныя, залаціста-жоўтыя, па 5—9 у парасоніках. Паяўляюцца да распускання лісця. Плод — цёмна-чырв. мясістая падоўжаная касцянка. Драўніна цяжкая, цвёрдая, з прыгожай тэкстурай, ідзе на такарныя і сталярныя вырабы. Выкарыстоўваецца ў жывых агароджах, для замацавання равоў, восыпаў. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя і таніданосныя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Кізіл.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)