Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІЧ (ад ням. Kitsch таннасць, безгустоўнасць),

стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае маст.-эстэт. каштоўнасці; спецыфічная з’ява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. ў Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай, разлічанай на знешні эфект пачуццёва-прыемнай прыгажосці. Праявіўся практычна ва ўсіх галінах культуры, найб. пашырэнне атрымаў у жывапісе (т. зв. «салонны» жывапіс), літаратуры (бульварная літаратура), эстр. музыцы і розных формах быт. аздаблення. З 1960-х г. элементы К. выкарыстоўваюць поп-арт і некат. кірункі постмадэрнізму.

т. 8, с. 313

КІ́ЧКА, кіка,

старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын пераважна паўд. губерняў (Тульскай, Разанскай, Калужскай, Арлоўскай і інш.). Закрывала валасы і спераду мела цвёрдую частку (устаўлялі бяросту, дошчачку і інш.) у форме рагоў, лапаткі, капыціка і інш. Ззаду К. надзявалі «пазатылень» з бісеру, зверху сароку з вышытай тканіны. У пач. 20 ст. выйшла з ужытку.

т. 8, с. 313

КІ́ЧЫНА, Кічынскае возера,

у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абалянка, за 30 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 1,74 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі каля 9,3 км. Пл. вадазбору 16,1 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на ПнУ і У да 15 м), парослыя лесам і хмызняком. Берагі выш. да 0,3 м, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыб. 1 м, на мысах да 2 м пясчанае. Зарастае да глыб. 2,5 м. Сцёк па ручаі ў р. Абалянка.

т. 8, с. 313