Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,

помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).

Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.

Публ.: Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.

Літ.:

История русской литературы. Т. 1. М., 1980.

т. 8, с. 249

КІЕ́НЯ (Аляксандр Іванавіч) (н. 29.4.1938, в. Малінаўка Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р біял. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1968). З 1979 заг. кафедры Гомельскага ун-та, 1992 заг. кафедры Гомельскага мед. ін-та. Навук. працы па імуналогіі, вывучэнні ролі гіпафізарпа-тырэоідных гармонаў у нейрагумаральным рэгуляванні функцый стрававальнай сістэмы, асаблівасцях морфафункцыянальнага стану дзяцей, што пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Основы иммунологии. Мн., 1991;

Здоровый человек: Основные показатели. Мн., 1997 (разам з Ю.І.Бандажэўскім);

Физическое развитие и функциональная характеристика детей, проживающих на территории, загрязненной радионуклидами (у сааўт.) // Структурно-функциональные эффекты инкорпорированных в организм радионуклидов. Гомель, 1997.

т. 8, с. 249

КІ́ЕЎ,

горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс. ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).

Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст. Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш. бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл. Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было.17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс. ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял. Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).

Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.

паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр. выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх Я.А.Левінсон). У Вял. Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марьшчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л. Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л. Укр. т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр. выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал. нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш. Рэсп. стадыён.

З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.

Літ.:

Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;

Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;

Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.

Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.
Плошча Незалежнасці ў Кіеве.
Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.
Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.

т. 8, с. 249

КІ́ЕЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р Дняпро, у Кіеўскай, Чарнігаўскай абласцях Украіны і Гомельскай вобл. Беларусі. Утворана плацінай аднайменнай ГЭС. Запоўнена ў 1964—66. Пл. 922 км², аб’ём 3,7 км³, даўж. 110 км, найб. шыр. 12 км, сярэдняя глыб. 4,1 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 1,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыі.

т. 8, с. 250

КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.

т. 8, с. 250

КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл. Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г. Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.

т. 8, с. 250

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,

выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.

т. 8, с. 251

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,

выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.

т. 8, с. 251

КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.П.Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач. Вял. Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш. танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал. ліп. — 1-й пал. жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн.пач. вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням. танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».

т. 8, с. 251