Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КОНТР..., КОНТРА... (ад лац. contra супраць), састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на супрацьлегласць ці супрацьдзеянне чаму-н., на проціпастаўленне паняццю, якое выказана ў другой частцы слова, напр., контратака, контрразведка.

т. 8, с. 409

КОНТРАГЕ́НТ [ад лац. contrahens (contrahentis) той, які дамаўляецца],

адзін з бакоў дагавору ў цывільных праваадносінах.

т. 8, с. 409

КОНТРАСІГНАТУ́РА, контрасігнацыя (ад контра... + signare падпісваць),

форма замацавання акта кіраўніка дзяржавы подпісам міністра, якая азначае, што юрыд. і паліт. адказнасць за дадзены акт нясе міністр.

т. 8, с. 409

КОНТРАТА́КА (ад контр... + атака),

атака, якая праводзіцца абараняльнымі войскамі супраць наступальных з мэтай разгрому праціўніка, што ўклініўся ў абарону, і поўнага або частковага аднаўлення становішча. Заключаецца ў паражэнні праціўніка ўдарамі авіяцыі, ракет, агнём артылерыі з наступнай атакай сіламі 2-га эшалона (рэзерву), у пэўных умовах сумесна з сіламі 1-га эшалона. К., як правіла, праводзіцца ў момант, калі праціўнік, спынены і яшчэ не паспеў замацавацца на занятых рубяжах або яго прасоўванне запаволілася, а рэзервы выкарыстаны ці іх тэрміновы ўвод немагчымы.

т. 8, с. 409

КОНТРАТЫПАВА́ННЕ (ад контра... + грэч. typos адбітак),

выраб копіі (кантратыпу) з негатыва фільма. Тыражыраванне кінафільмаў робяць з кантратыпу, што забяспечвае захаванасць арыгінала (негатыва) фільма.

З каляровага кінанегатыва кантратып атрымліваюць непасрэдным друкаваннем на абарачальную трохслойную кінаплёнку, з чорна-белага спачатку робяць прамежкавы пазітыў, з якога потым друкуюць кантратып. Кантратып фанаграмы робяць асобна (з кантратыпам відарысу сумяшчаецца ў кінакапіравальным апараце).

т. 8, с. 409

КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),

сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г. амер. сацыёлаг Т.​Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац. канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 409

КОНТРНАСТУПЛЕ́ННЕ,

асобы від наступлення, у якім ажыццяўляецца пераход ад абароны ў наступленне з мэтай разгрому груповак наступаючага праціўніка. Праводзіцца ў стратэг., часам аператыўным маштабе, падрыхтоўваецца ў ходзе абарончай аперацыі. Нярэдка перарастае ў агульнае наступленне, якое завяршае разгром праціўніка.

т. 8, с. 410

КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),

пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 410

КОНТРРАЗВЕ́ДКА,

спец. орган разведвальнай службы для аховы краіны ад пранікнення агентуры замежных разведак і для ліквідацыі іх падрыўной дзейнасці. На Беларусі контрразведвальную дзейнасць у адпаведнасці з законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997 ажыццяўляюць органы ўпраўлення ваеннай К. КДБ Рэспублікі Беларусь. Падставамі для ажыццяўлення контрразвед. дзейнасці з’яўляюцца: наяўнасць інфармацыі аб прыметах развед. і інш. дзейнасці спец. службаў, арг-цый і асоб замежных дзяржаў, накіраванай на прычыненне ўрону бяспецы Беларусі; неабходнасць забеспячэння бяспекі аб’ектаў абароннага комплексу, транспарту, сувязі і інш. стратэг. аб’ектаў, а таксама бяспекі прыярытэтных навук. распрацовак, абароны звестак, што складаюць дзярж. тайну, і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Парадак правядзення контрразвед. дзейнасці рэгламентуецца заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю К. ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і ўрад, нагляд за законнасцю дзейнасці — органы пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.

Літ.:

Хрущев К. Военной контрразведке — 80 лет // Армия. 1998. № 5.

т. 8, с. 410

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410