КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),
сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г. амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац. канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.
Я.М.Бабосаў.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)