Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабрыца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 132 км ад Гомеля. 622 ж., 216 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр Бокшыцкага с/с і калгаса. За 6 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 99 км ад Мінска, 175 ж., 78 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, насыпаны курган і пастаўлена стэла.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЛЕ,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Заполле. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага аледзянення. Гліны чырванавата-бурыя, карычневыя, шчыльныя, пластычныя з праслойкамі пяску, супеску і суглінку. Разведаныя запасы 18,6 млн. м³, перспектыўныя 23,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,7—10,9 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала ў жн. 1941 — ліп. 1944 у в. Заполле Ружанскага р-на

(цяпер Пружанскі р-н) Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам Ружанскіх антыфаш. к-та і падп. райкома ЛКСМБ (з жн. 1943). У 1942 налічвала 16 чал. Сакратары: Я.І.Гардзей (да чэрв. 1943),

У.І.Прадко (да жн. 1943), І.М.Маньчык (да ліп. 1944). Падпольшчыкі здабывалі зброю і боепрыпасы для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі, са здабытых шрыфтоў у 1942 абсталявалі друкарню. У в. Заполле ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЬСКАЯ [Zapolska; сапр. Корвін-Піятроўская

(Korwin-Piotrowska)] Габрыэля (30.3.1857, в. Падгайцы Луцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 17.12.1921),

польская пісьменніца і актрыса. Выступала ў т-рах Варшавы, Львова, Парыжа. Пачала друкавацца ў 1880-я г. У прозе глыбокі псіхалагізм характараў спалучала з натуралістычнымі тэндэнцыямі (зб. навел «Акварэлі», 1885, «Чалавечы звярынец», 1893, аповесць «Сезонная любоў», 1905). Найб. вядомасць ёй прынеслі драм. творы (п’есы «Жабуся», 1897, «Іх чацвёра», 1907, «Паненка Малічэўская», 1910), асабліва п’еса «Мараль пані Дульскай» (1906, пер. на бел. мову М.Татур, 1958, паст. т-рам імя Я.Коласа ў 1956) — вострая, з’едлівая сатыра на мяшчанства. Аўтар п’ес «Той» (1898), «Сібір» (1899), рамана «Зашуміць лес» (1899).

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЬСЫ,

біялагічны заказнік на тэр. Віцебскага р-на. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 794 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са значнымі мінер. ўчасткамі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вял. пашырэннем журавін, хвойнікі асаковыя, асакова-сфагнавыя, багуновыя і інш. На мінер. участках пераважаюць яловыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.

т. 6, с. 535

ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-р гіст. н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кілель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

т. 6, с. 535

ЗАПРУ́ДСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.

т. 6, с. 535