Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКРЫ́ТАЕ МО́РА ў міжнародным праве,

мора, якое абмывае берагі некалькіх дзяржаў і па сваім геагр. становішчы не можа быць выкарыстана для транзітнага праходу праз яго ў інш. мора. Доступ з адкрытага мора ў закрытае ажыццяўляецца па вузкіх марскіх шляхах, якія вядуць толькі да берагоў дзяржаў, размешчаных вакол З.м. Паводле канцэпцыі З.м. ў яго не павінны дапускацца ваен. караблі непрыбярэжных краін.

т. 6, с. 507

ЗАКРЭ́ЎСКІ (Аркадзь Дзмітрыевіч) (н. 22.5.1928, С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1972), д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Скончыў Томскі ун-т (1956). З 1971 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі дыскрэтных сістэм, тэарэт. асновах інфармац. тэхналогій і інтэлектуальных сістэм праектавання. Распрацаваў метады лагічнага праектавання дыскрэтных прылад, рашэння лагічных ураўненняў і камбінаторных задач аўтаматызаванага праектавання і штучнага інтэлекту.

Тв.:

Логический синтез каскадных схем. М., 1981;

Логика распознавания. Мн., 1988.

А.Дз.Закрэўскі.

т. 6, с. 507

ЗАКС ((Sachs) Нэлі) (10.12.1891, Берлін — 12.5.1970),

нямецкая паэтэса. У 1940 эмігрыравала ў Швецыю. Аўтар зб-каў «У жыллі смерці» (1947), «Зорнае зацьменне» (1949), «І ніхто не ведае далей» (1957), «Уцёкі і ператварэнне» (1949), «Смерць яшчэ святкуе жыццё» (1961), 14 п’ес (зб. «Знакі на пяску», 1962). Нобелеўская прэмія 1966.

Тв.:

Рус. пер. — Звездное затмение. М., 1993.

Н.Закс.

т. 6, с. 507

ЗА́КУПЫ,

катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.

2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.

т. 6, с. 507

ЗАКУШНЯ́К (Аляксандр Якаўлевіч) (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),

артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.

т. 6, с. 507