ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.
т. 5, с. 540
ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч
(парт. псеўд. Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),
бел. паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел. камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл. ЦК КПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦК КПЗБ (гл. Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.
Т.С.Процька, У.У.Грамовіч.
т. 5, с. 539
ГУ́РЫЧ Соф’я Якаўлеўна
(н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
т. 5, с. 540
ГУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць на З Грузіі (сучасныя Махарадзеўскі, Чахатаурскі і Ланчхуцкі р-ны Грузіі). У 14 — пач. 19 ст. тут існавала Гурыйскае княства. У 1811—1917 у складзе Расіі. На яе тэр. адбыліся 2 сял. паўстанні супраць рас. адміністрацыі і мясц. памешчыкаў (у 1841 і 1905), ліквідаваныя рас. войскамі. З 1918 у складзе Грузіі.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ Іосіф Рыгоравіч
(н. 26.3.1929, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1978). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні пераўтварэнняў хім. энергіі паліва ў электрычную (тэорыя сітаватых электродаў з вадкім палівам, прынцыпы і ўмовы самарэгулявання работы эл.-хім. генератараў энергіі і інш.). Удзельнічаў у стварэнні першых у СССР паліўных элементаў для касм. апаратаў.
Тв.:
Кристаллический триод и его применение. Мн., 1957 (разам з М.М.Сімкіным);
Жидкостные пористые электроды. Мн., 1974 (разам з Ю.М.Вальфковічам, У.С.Багоцкім).
А.І.Болсун.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ Міхаіл Іосіфавіч
(12.1.1883, в. Рубаншчына Курскай вобл., Расія — 25.11.1976),
савецкі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1957), д-р тэхн. н. (1964). Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1925). З 1929 на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1938 нам. гал. канструктара, у 1957—64 гал. канструктар. З А.І.Мікаянам стварыў знішчальнікі МіГ (Міг-1, -3, -9, -15, -19, -21 і інш.), шэраг скорасных рэактыўных самалётаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ Сямён Шоламавіч
(20.12.1915, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 23.4.1982),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Тамбоўскае кав. вучылішча (1942). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Бранскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір узвода сувязі лейтэнант Гурэвіч вызначыўся ў ноч на 25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад с. Даматкань Днепрапятроўскай вобл. (Украіна). Пасля вайны працаваў у Мінску на прамысл. прадпрыемствах.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ Фрыда Давыдаўна
(1.1.1912, Рыга — 8.9.1988),
археолаг. Канд. гіст. н. (1937). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1932). З 1937 працавала ў Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры, Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР. У выніку вывучэння помнікаў археалогіі Бел. Панямоння выказала меркаванне, што да апошніх стагоддзяў 1-га тыс. н.э. яго засялялі ўсх.-балцкія плямёны. Распрацоўвала пытанні ўзнікнення і развіцця стараж. гарадоў Верх. Панямоння.
Тв.:
Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;
Древний Новогрудок: Посад — окольный город. Л., 1981;
Древние города Белорусского Понеманья. Мн., 1982.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ Эсфір Саламонаўна
(н. 22.11.1921, мяст. Татарск Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1973). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1950 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1948. Даследуе гісторыю бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Маўра, М.Лынькова, В.Віткі, Я.Брыля і інш.), праблемы бел. дзіцячай л-ры («Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967)», 1970; «Дзіцячая літаратура Беларусі», 1982; «Янка Маўр», 1983).
Тв.:
Творчая гісторыя раманаў Мікалая Астроўскага. Мн., 1957;
Пафас гераізму: Сучасная сав. проза аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1979;
Боль и тревога наши: Дети, война, литература. Мн., 1986.
т. 5, с. 540