Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЗЛЫ́ МАРСКІ́Я,

злучэнне двух гнуткіх тросаў (з раслінных і сінт. матэрыялаў) або троса з якім-н. прадметам. Адрозніваюцца прастатой, надзейнасцю (павышаецца з узмацненнем нацяжэння), лёгкасцю развязвання (знімаецца заціск петляў пры зняцці нагрузкі). Асн. тыпы вузлоў марскіх альтанкавыя простыя або двайныя (для абвязвання людзей пры рабоце на вышыні або за бортам), шкотавыя (для звязвання тросаў з дапамогай каўша), выбленачныя (для падвескі грузаў), плоскія (для звязвання тросаў рознай таўшчыні), шлюпачныя (для буксіроўкі шлюпак), рыбацкія штыкі (для мацавання троса) і інш.

т. 4, с. 289

ВУЗЛЯ́НКА,

рака ў Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нарач (бас. Віліі). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 663 км². Пачынаецца каля в. Мазалеўшчына Мядзельскага р-на. Асн. прытокі: Чорная, Ментынь (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма ў верхнім цячэнні разараная, шыр. 200—300 м. Ад вытоку на працягу 15 км рэчышча каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ зона адпачынку Вузлянка.

т. 4, с. 289

ВУЗЛЯ́НЫ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 46 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 50 км ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Седча. 447 ж., 166 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам-артылерыстам.

т. 4, с. 289

ВУ́ІЧ

(Vujić) Іаакім (9.9.1772 — 8.11.1847),

сербскі акцёр, драматург, перакладчык, тэатр. дзеяч. Кіраваў аматарскімі тэатр. калектывамі ў Ваяводзіне і Сербіі, у 1833—36 княжацкім т-рам у г. Крагуевац, у 1839 аматарскім т-рам у г. Нові-Сад (з 1840 у г. Заграб; паклаў пачатак стварэнню нац. т-ра). Вуіч стварыў тэатр. рэпертуар на роднай мове і выхаваў першых прафес. сербскіх акцёраў, за што быў названы «бацькам сербскага тэатра». Пакінуў аўтабіяграфію (1833), а таксама шматлікія дзённікі сваіх падарожжаў.

т. 4, с. 289

ВУКТЫ́ЛЬСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае, у Рэспубліцы Комі Расійскай Федэрацыі, за 160 км на У ад г. Ухта. Уваходзіць у Цімана-Пячорскі нафтагазаносны басейн. Адкрыты ў 1964, распрацоўваецца з 1968. Пачатковыя запасы газу 388,1 млрд. м³. Паклады на глыб. 2,2—3,5 км. Колькасць метану да 85%, кандэнсату 352 г/см³. Цэнтр здабычы г. Вуктыл. Магістральны газаправод Вуктыл—Ухта—Таржок.

т. 4, с. 289

ВУЛ Бенцыён Майсеевіч

(22.5.1903, г. Белая Царква, Украіна — 9.4.1985),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1928). З 1932 у Фіз. ін-це АН СССР. Навук. працы па фізіцы дыэлектрыкаў і паўправаднікоў, квантавай электроніцы. Адкрыў сегнетаэлектрык тытанат барыю (1944). Устанавіў асн. заканамернасці змянення электраправоднасці ды электрыкаў пры гама-выпрамяненні. Пад яго кіраўніцтвам у СССР створаны паўправадніковыя дыёды, транзістары, сонечныя элементы. Удзельнічаў у стварэнні паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990. С. 244—249.

т. 4, с. 289

ВУ́ЛАНГАНГ,

Уоланганг (Wollongong), горад у Аўстраліі, на ПдУ штата Новы Паўднёвы Уэльс, на ўзбярэжжы Тасманава м. 250,1 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Буйны цэнтр чорнай металургіі і цяжкага машынабудавання; нафтаперапр., хім., тэкст., швейная прам-сць. Здабыча каменнага вугалю, каляровая металургія.

т. 4, с. 290

ВУ́ЛВЕРГЕ́МПТАН

(Wolverhampton),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, паўн.-зах. прыгарад Бірмінгема. 247,5 тыс. ж. (1992). Буйнейшы горад і машынабуд. цэнтр «Чорнай краіны», якая ўваходзіць у канурбацыю Уэст-Мідлендс. Авіяц., прыладабуд., электратэхн., аўтамаб. прам-сць, вытв-сць метал. вырабаў, чорная і каляровая металургія.

т. 4, с. 290

ВУ́ЛЕЙ,

штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).

Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.

На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.

т. 4, с. 290

ВУЛКА́Н,

у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.

т. 4, с. 290