ВЕРАШЧА́КА,
традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.
т. 4, с. 99
ВЕРАШЧА́КІ,
шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Кобрыншчыны. У пач. 16 ст. згадваюцца Богуш і Мішка Верашчакі. У 1524 вял. князь ВКЛ Жыгімонт І Стары выдаў прывілей Богушу, Мішку, Стэцку, Івану і Сеньку Верашчакам на маёнтак Камень у Кобрынскім пав. У 1582 Шчэнсны, Міхаіл і Іван Верашчакі атрымалі пацвярджэнне на валоданне гэтым маёнткам ад Стафана Баторыя. У 18 ст. казначэй брэсцкі Піліп і яго сын Францішак (?—1762) сталі ўладальнікамі маёнткаў у Навагрудскім пав. Сын Францішка Антон (?—1806) быў маршалкам Навагрудскага пав. У 1-й чвэрці 19 ст. двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з гал. месцаў сустрэчы павятовай шляхты. У час канікул у 1820—21 сюды да тагачасных уладальнікаў Туганавіч Міхала і Юзафа Верашчакаў прыязджаў А.Міцкевіч. Тут ён сустрэў сваё вял. каханне — дачку Антона Марыю (у шлюбе Путкамер, 1799—1863), якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.
В.У.Шаблюк.
т. 4, с. 99
«ВЕ́РА І ЖЫЦЦЁ»,
каталіцкі часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове (некаторыя матэрыялы друкуе на рус. і польск. мовах). Змяшчае матэрыялы рымска- і грэка-каталіцкіх канфесій. Друкуе рэліг. артыкулы гіст. і культурнай тэматыкі, урыўкі з рэліг. кніг, успаміны вернікаў аб наведванні святых мясцін і інш. Расказвае пра святых беларускай зямлі, храмавыя архітэктурныя помнікі. Мае рубрыкі: «На пытанні моладзі адказваюць святары», «Школа пеўчых» і інш.
т. 4, с. 92
ВЕ́РБАВІЧЫ,
вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г. Нароўля, 187 км ад Гомеля, 43 км ад чыг. ст. Ельск. 355 ж., 144 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква 18 ст.
т. 4, с. 99
ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА
(ад лац. verbalis славесны),
дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.
т. 4, с. 99
ВЕ́РБАЎКА,
рака ў Горацкім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 159 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Цёмны Лес Горацкага р-на. У сярэднім і ніжнім цячэнні на працягу 15,2 км каналізаваная.
т. 4, с. 99
ВЕРБЕ́НА
(Verbena),
род кветкавых раслін сям. вербенавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі, таксама ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі пераважна на Палессі трапляецца дзікарослая вербена лекавая (Verbena officinalis), расце на засмечаных мясцінах каля жылля і дарог, таксама вырошчваюць 2 інтрадукаваныя віды — вербену буэнас-айрэскую (Verbena bonariensis) і гібрыдную (Verbena hybrida).
Адна- ці шматгадовыя галінастыя, залозіста-апушаныя травяністыя расліны або паўкусты. Лісце супраціўнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, зубчаста-надрэзанае ці калючкападобнае. Кветкі пераважна двухполыя, рознага колеру ў коласападобных суквеццях, сабраных у парасонападобныя шчыткі або мяцёлкі. Плод — чатырохарэшак (эрэм). Эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, лек. (гарачкапаніжальны і танізуючы сродак, выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для ўзбуджэння апетыту) і дэкар. расліны.
т. 4, с. 99