Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕТРАПА́ЎЛАЎСК,

горад у Казахстане, цэнтр Паўн.-Казахстанскай вобл., на р. Ішым. Засн. ў 1752. 247 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (з-ды: маш.-буд., малалітражных рухавікоў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш.), харч. і лёгкая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. ДРЭС. Пед. ін-т. Тэатр, філармонія. Краязн. музей.

т. 12, с. 333

ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, члены Патрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».

Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.​Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.​Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.​Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.​Таманскі; з 1872 Артыл. гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.​Заруднага, майстры Т.​Іваноў і І.​Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.​Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.​Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.​Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Бастарева Л.И., Сидорова В.И. Петропавловская крепость: Путеводитель. 7 изд. Л., 1989;

Щеголев П. Алексеевский равелин: Кн. о падении и величии человека. М., 1989.

Петрапаўлаўская крэпасць.

т. 12, с. 333

ПЕТРАПА́ЎЛАЎСК-КАМЧА́ЦКІ,

горад, цэнтр Камчацкай вобл. ў Расіі, на ўсх. беразе п-ва Камчатка. Засн. ў 1740; у 1822—1924 наз. Петрапаўлаўскі порт. 204,8 тыс. ж. (1996). Порт у Авачынскай губе Ціхага ак. Аэрапорт. База рыбалавецкага флоту. Суднабуд. верф; суднарамонтны; суднарамонтна-мех. з-ды, ВА «Камчатрыбпрам», бляшаначная ф-ка і інш.; вытв-сць буд. матэрыялаў. З ВНУ. Ін-т вулканалогіі Рас. АН. Драм. тэатр. Музей.

т. 12, с. 333

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

ПЕТРАТЭКТО́НІКА,

мікраструктурны (петраструктурны) аналіз горных парод; дысцыпліна на мяжы тэктонікі і петраграфіі, вывучае структуры дынамаметамарфізаваных парод (тэктанітаў), інтрузіўных масіваў і дэфармаваных асадкавых тоўшчаў. Распрацавана ням. вучоным Б.​Зандэрам у 1930. У шліфах пад мікраскопам у вял. колькасці зерняў аднаго або некалькіх мінералаў вымяраюць арыенціроўку іх спайнасці, аптычныя восі або інш. крышталеграфічныя элементы. Вынікі аналізу наносяць на стэрэаграфічную сетку. Атрыманыя дыяграмы дазваляюць вызначаць характар тэктанічных рухаў, што абумовілі дэфармацыі і метамарфізм горных парод.

т. 12, с. 334

ПЕТРАФІ́ЗІКА,

раздзел петралогіі, які вывучае сувязь фіз. уласцівасцей горных парод з іх саставам, структурай і гісторыяй фарміравання.

т. 12, с. 334

ПЕТРАФІ́ТЫ,

тое, што літафіты.

т. 12, с. 334

ПЕТРАХІ́МІЯ,

раздзел петралогіі, які вывучае размеркаванне хім. элементаў у горных пародах і пародаўтваральных мінералах.

т. 12, с. 334

ПЕТРАЧКО́ВА (Валянціна Цімафееўна) (н. 21.5.1939, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Пасля сканчэння студыі Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1958) працуе ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., камедыйных, вострахарактарных роляў. Створаныя ёй вобразы адметныя яркім знешнім малюнкам, пластычнай выразнасцю і псіхал. дакладнасцю характарыстык. Сярод роляў: Еўга Бабук («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Марфа («Улада цемры» Л.​Талстога), Цыепа («Вей, ветрык!» Я.​Райніса), Смеральдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

Г.​П.​Маркіна.

т. 12, с. 334

ПЕТРАЧЭ́НКА (Галіна Гаўрылаўна) (20.1.1924, в. Бярозаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1993),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1954), праф. (1983). Скончыла Астраханскі (1945) і Ленінградскі (1948) пед. ін-ты. З 1948 у Мін-ве асветы БССР. У 1953—93 у Бел. пед. ун-це (з 1966 заг. кафедры). Навук. працы па псіхолага-пед. асновах дашкольнага выхавання і праблемах адукацыі дашкольнікаў.

Тв.:

Задачи и упражнения по дошкольной педагогике. 2 изд. М., 1970 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Развитие детей 6—7 лет и подготовка их к школе. 2 изд. Мн., 1982;

Педагогические ситуации в дошкольной педагогике. Мн., 1984;

Aufgaben und Übungen zur Vorschulpadagogik. 5 Aufl. Berlin, 1986 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Ситуативные задачи в педагогике. Мн., 1990.

т. 12, с. 334