Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАРО́НАВА, Заронаўскае возера,

на мяжы Віцебскага і Шумілінскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 12 км на У ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,61 км2, даўж. 7,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 13,5 м, даўж. берагавой лініі 21,3 км. Пл. вадазбору 147 км2. Схілы катлавіны выш. 10—17 м (на зах. 5—10 м), разараныя, часткова пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, месцамі супадаюць са схіламі, у залівах на 3 і У сплавінныя. Падводная ч. катлавіны падзяляецца на некалькі замкнёных глыбакаводных плёсаў. На ПдУ 5 астравоў агульнай пл. 3 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, уздоўж паўн. берагоў пясчана-галечнае з валунамі. Глыбакаводная зона глеістая. Упадаюць 10 ручаёў, у т.л. з воз. Княжно; на 3 выцякае р. Заронаўка. Уваходзіць у зону адпачынку Заронава.

т. 6, с. 539

ЗАРУБІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён ранняга жалезнага веку ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессі. Назва ад могільніка каля в. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Насельніцтва З.к. займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі; жыло на неўмацаваных селішчах, выкарыстоўвала гарадзішчы папярэдняй мілаградскай культуры; будавала наземныя слупавыя жытлы (аднакамерныя, прамавугольныя або квадратныя ў плане) і паўзямлянкі. У адным з кутоў жытла ці каля сцяны знаходзілася агнішча, пазней — глінабітная печ. Побач з жытламі размяшчаліся гасп. і вытв. пабудовы, ямы-паграбы. Пахавальныя абрады — трупаспаленне, зрэдку трупапалажэнне. Могільнікі не маюць вонкавых адзнак. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя трупаспаленні і кенатафы, у Прыпяцкім Палессі — ямныя і урнавыя пахаванні са спальваннем і пахаваннем чарапоў. У магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожанні. Насельніцтва вырабляла і выкарыстоўвала жал. наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры (кельты), нажы, сярпы, ляпны посуд, культавыя вырабы і інш. Падтрымлівалі сувязі са скіфскімі, сармацкімі, кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўн. Прычарнамор’я. Большасць даследчыкаў лічыць З.к. стараславянскай. Найб. даследаваны археал. помнік Чаплін Лоеўскага р-на.

Л.Д.Побаль.

Кераміка зарубінецкай культуры.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́БЫ,

вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р. Расасенка, на аўтадарозе Дуброўна — в. Баева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Дуброўна, 107 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Асінаўка. 472 ж., 190 двароў (1997). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 539

ЗАРУДА́ЎЕ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 16 км на Пд ад горада і 14 км ад чыг. ст. Масты, 76 км ад Гродна. 387 ж., 155 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам.

т. 6, с. 539

ЗАРУДЗЕ́ЧА,

рака ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 22,4 км. Пл. вадазбору 141 км2. Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Макавічы. Асн. прыток — ручай Камарынка (злева). Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ДНЫ (Іван Пятровіч) (? — 1727),

расійскі архітэктар і мастак. Ураджэнец Украіны. З 1701 на царскай службе ў Маскве. У 1704—07 пабудаваў царкву архангела Гаўрыіла (т.зв. Меншыкаву вежу), у якой традыц. кампазіцыя рус. шмат’ярусных цэркваў спалучана з арх. элементамі і дэкар. дэталямі барока. Барочныя рысы маюць таксама царква Івана Воіна (1709—13, Масква; прыпісваецца З.), і асабліва складаныя шмат’ярусныя іканастасы Праабражэнскага сабора (1719, Талін) і сабора Петрапаўлаўскай крэпасці (1722—27, С.-Пецярбург), зробленыя па яго малюнках.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ДНЫ (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; н. 20.8.1921, в. Арэхавец Кіеўскай вобл.),

украінскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1942). Дэбютаваў аповесцю «Мае землякі» (1950). Аўтар зб. апавяданняў «Святло» (1961), раманаў «На белым свеце» (1967), «Уран» (1970), «Гілея» (1973), гіст. драмы «За Сібір’ю сонца ўсходзіць» (1980) і інш. У п’есах «На крутых берагах» (1955), «Калі ты любіш» (1959), «Мёртвы бог» (1960), «Востраў тваёй мары» (паст. 1962, выд. 1963), «Фартуна» (паст. і выд. 1966) і інш. мастацкае асэнсаванне актуальных праблем сучаснасці, сац. і духоўных пераўтварэнняў на вёсцы, падзей Вял. Айч. вайны. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1978. На бел. мову асобныя творы З. пераклаў А.Макаёнак.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ. 1981—82;

Бел. пер. — «За Сібір’ю сонца ўсходзіць...» // Полымя. 1982. № 2.

І.Зарудны. Меншыкава вежа ў Маскве. 1704—07.

т. 6, с. 539

ЗАРУ́ЖАННЕ, Ружына,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,37 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 9,44 км2. Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 2 м), пад хмызняком, на Пн, ПнЗ і У разараныя. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Несіна. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 540

ЗАРУ́ЧЫНЫ,

у беларусаў традыцыйны абрад падрыхтоўчага этапу вяселля, на якім канчаткова замацоўвалася згода сваякоў на шлюб маладых. Адбываліся праз тыдзень пасля запоін, калі нявеста і яе бацькі афіцыйна давалі згоду на шлюб. На З. дамаўляліся пра ўсе дэталі вяселля (пасаг, час і парадак вяселля, колькасць гасцей і г.д.). Жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і абрадавымі падарункамі, а іх рукі звязвалі ручніком; падарункамі абменьваліся і іх бацькі, якія пасля ўдзельнічалі ў сумесным пачастунку, што замацоўваў заключаны дагавор. Вяселле з гэтага часу абвяшчалася афіцыйна, а жаніха і нявесту называлі малады і маладая.

Л.А.Малаш.

т. 6, с. 540

ЗАРХІ́ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.2.1908, С.-Пецярбург),

рускі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), засл. дз. маст. Беларусі (1955). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Ленінградскі тэхнікум экраннага мастацтва (1927). З 1929 на Ленінградскай кінафабрыцы «Саўкіно» (кінастудыя «Ленфільм»), у 1950—55 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1957 на кінастудыі «Масфільм». Творчай манеры З. ўласцівы імкненне да абагульнення, псіхал. глыбіні ў раскрыцці вобразаў. Паставіў фільмы: маст. «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Дэпутат Балтыкі» (1937) і «Член урада» (абодва з І.Хейфіцам; 1940); «Паўлінка» (1952, фільм-спектакль), «Несцерка» (1955), «Вышыня» (1957), «Людзі на мосце» (1960), «Ганна Карэніна» (1968), «Дваццаць шэсць дзён з жыцця Дастаеўскага» (1981) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1946.

т. 6, с. 540