Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕСАЧА́НКА,

рака ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору каля 340 км². Пачынаецца за 1,3 км на З ад в. Міхалёўка, працякае праз воз. Лутаўскае. Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна невыразная на ўсім працягу, за выключэннем невял. ўчастка ў сярэднім цячэнні, дзе яна набывае рысы трапецападобнай. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да воз. Лутаўскае, шыр. ў верхнім цячэнні 3—5 м, у ніжнім 10—18 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 12, с. 326

ПЕСАЧА́НКА,

рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Серакаратнянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 57 км². Пачынаецца каля в. Калантаёва, вусце за 0,5 км на ПнУ ад в. Шылы. Цячэ ў межах Чашніцкай раўніны. Рэчышча ад вытоку на працягу 1,3 км каналізаванае.

т. 12, с. 326

ПЕСІМІ́ЗМ,

гл. ў арт. Аптымізм і песімізм.

т. 12, с. 326

ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.​Я.​Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.

т. 12, с. 326

ПЕСКАВІ́К,

горная парода, тое, што пясчанік.

т. 12, с. 327

ПЕСКАДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

у Тайваньскім праліве, тэр. Кітая, гл. ў арт. Пэнхуледао.

т. 12, с. 327

ПЕСКАДУ́ЎНАЯ МАШЫ́НА,

машына, якая энергіяй сціснутага паветра падае фармовачную або стрыжнёвую сумесь у апоку ці стрыжнёвую скрыню. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці для вырабу ліцейных форм і стрыжняў. На аснове П.м. створаны аўтам. фармовачныя лініі. Пры вырабе стрыжняў выкарыстоўваюцца пераважна пескастрэльныя машыны.

Схема пескадуўнага механізма пескадуўнай машыны: 1 — рэзервуар; 2 — механічны разрыхляльнік; 3 — выдзіманая адтуліна; 4 — апока; 5 — мадэль.

т. 12, с. 327

ПЕСКАМЫ́ЙКА,

будаўнічая машына для вымывання з пяску гліны і інш. дамешкаў. Бываюць дражныя (рабочы орган — скрабалкі, замацаваныя на бясконцых ланцугах) і шнэкавыя (з адным або двума паралельнымі шнэкамі, якія перамяшчаюць да выгрузачнага акна пясок, што асеў з пульпы). Прадукцыйнасць да 20 м³ ачышчанага пяску за гадзіну.

т. 12, с. 327

ПЕСКАРЫ́ЙКА, амацэт,

лічынка міногі. Жыве ў рэках, ручаях, пратоках пераважна ў грунце (адсюль назва).

Даўж. цела дасягае даўж. дарослых міног. Афарбоўка ад жоўта-белай да цёмна-шэрай. Рот у выглядзе трохвугольнай шчыліны. Вочы недаразвітыя. Плаўнікі няпарныя, развіты слаба. Корміцца дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Ва ўзросце 3—5 гадоў ператвараецца ў дарослую міногу. Раней П. памылкова лічылі самаст. родам міног (Ammocoetes).

Пескарыйка.

т. 12, с. 327

ПЕСКАСТРУМЕ́ННАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка паверхняў адлівак, метал. загатовак, дэталей і інш. вырабаў перад афарбоўкай, а таксама ачыстка фасадаў будынкаў, збудаванняў струменем сціснутага паветра з завіслымі ў ім часцінкамі пяску. Робіцца спец. пескаструменнымі апаратамі. У ліцейнай вытв-сці заменена шротамётнай або шротаструменнай ачысткай.

т. 12, с. 327